Яшчэ восем пацярпелых у ДТЗ у Грузіі беларусаў выпісалі з бальніц
На месцы трагедыі / threads/@mr_aeru
Яшчэ восем пацярпелых у ДТЗ у Грузіі беларусаў выпісаны з бальніц, паведамілі 16 жніўня ў МЗС Беларусі. З іх пяцёра — непаўналетнія.
У бальніцах застаюцца трое пацярпелых. Іх стану нішто не пагражае.
Жахлівае ДТЗ адбылося ў Грузіі 12 жніўня: мікрааўтобус з 19 беларускімі турыстамі ехаў з курортнага пасёлка Гомісмта ў горад Озургеці. У нейкі момант транспартны сродак з'ехаў з дарогі і ўпаў у яр. Чатыры чалавекі загінулі на месцы, 15 атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці.
Відавочца трагедыі так апісваў убачанае: «Дрэва напалову аўтобус зламала, частка людзей вылецела праз вокны ў абрыў, а частку людзей разламаным напалову аўтобусам моцна заціснула між сабою, і яны павіслі ў крыві, загінулі імгненна. Таксама некалькі чалавек крычалі ад болю, іх заціснула зверху, выцягвалі ратавальнікі».