СК паведаміў падрабязнасці масавага ДТЗ на нелегальных гонках пад Слуцкам
Аварыя пад Слуцкам / Следчы камітэт
Следчы камітэт завяршыў расследаванне справы аб ДТЗ, якое адбылося 26 ліпеня 2025 года каля вёскі Вялікі Быкаў пад Слуцкам.
Тады падчас нелегальных гонак пры сутыкненні бездарожніка Range Rover з іншымі аўтамабілямі пацярпелі чатыры чалавекі.
За рулём Range Rover была 32-гадовая мясцовая жыхарка. Яна спаборнічала ў хуткасці з мужам, які ехаў на Subaru Impreza. Пасля фінішу абодва аўтамабілі развярнуліся, каб вярнуцца на старт.
Range Rover рухаўся з хуткасцю каля 100 км/гадз пры дазволеных 90 км/гадз. Ён урэзаўся ў Subaru, потым вылецеў на правую ўзбочыну, дзе збіў траіх пешаходаў і пратараніў прыпаркаваны Volkswagen Golf з пасажыркай. Ад удару Volkswagen адкінула ў кювет.
Пры гэтым пацярпелі чатыры чалавекі:
— сямейная пара, якая спыніла аўтамабіль з-за затору. Яны прайшлі ўздож узбочыны, каб высветліць прычыну затору. А, пабачыўшы, што аварыі няма, вярталіся да сваёй машыны;
18-гадовая дзяўчына-пешаход атрымала цяжкія цялесныя пашкоджанні;
пасажырка Volkswagen атрымала цяжкія цялесныя пашкоджанні і непапраўна знявечаны твар.
Кіроўца Range Rover паведаміла, што ў яе падчас руху правалілася педаль тормазу. Спрабуючы спыніць некіравальны аўтамабіль, яна знарок вырашыла пратараніць машыну мужа.
Следства выявіла няспраўнасць тармазной сістэмы Range Rover — там праржавеў металічны трубаправод задняга левага кола. Аднак следчыя лічаць, што кіроўца мела тэхнічную магчымасць своечасова спыніцца і пазбегнуць сутыкнення.
На жанчыну пачалі крымінальную справу за парушэнне правілаў дарожнага руху, якое прычыніла цяжкае цялеснае пашкоджанне. Ёй пагражае да пяці гадоў калоніі.