Уздоўж набярэжнай у Гомелі плыў спісаны буксір без экіпажа
Буксір у Гомелі / Гомельская транспартная пракуратура
У Гомелі па Сажы плаваў спісаны буксір без экіпажа. Справай зацікавілася мясцовая транспартная пракуратура.
Некалькі гадоў таму буксір быў выведзены з эксплуатацыі. Падчас штармавога ветру абарваўся швартовачны трос. Пасля гэтага судна без экіпажа паплыло ўздоўж гарадской набярэжнай Гомеля. Буксір спынілі і адбуксіравалі назад у затоку.
У пракуратуры назвалі вінаватых:
"Праверка паказала, што адвольнае плаванне буксірнага цеплахода адбылося ў выніку адсутнасці наладжанай працы караваннай службы на прадпрыемстве, якая павінна была забяспечыць ахову і бяспеку прышвартаваных судоў. Дзяжурнае судна, прызначанае для выканання рэйдавых работ, не ў поўнай меры выконвала пастаўленыя задачы па кантролі за станам судоў у затоцы".
Да дысцыплінарнай адказнасці былі прыцягнутыя тры работнікі прадпрыемства-суднаўладальніка.