У Гродне больш немагчыма ўзяць напракат электрасамакаты і ровары
Самакат, ілюстрацыйнае фота / t.me/minskcitycourt/
У Гродне цяпер стала немагчыма ўзяць напракат электрасамакаты і ровары. Цяпер там можна выкарыстоўваць толькі асабістыя сродкі. Такое рашэнне прынялі гарадскія ўлады.
Яны спасылаюцца на тое, што вузкія вулачкі і гістарычная забудова Гродна пасуюць для прагулак, а не для хуткаснай язды. На хуткасныя "пакатушкі" скардзіліся і гараджане, якіх нават збівалі ездакі. Таксама гучалі і скаргі на паркоўку самакатаў і ровараў у неналежных месцах.
Улады кажуць, што за горад без пракатных самакатаў прагаласавалі 72% удзельнікаў абмеркавання. У каментары тэлеканалу "Мір 24" начальнік аддзела ідэалагічнай работы аблвыканкама Аляксей Апановіч заявіў, што забарона не была аформленая ў нарматыўны дакумент, а проста з пракатчыкамі не заключылі дамову на арэнду. Калі гараджане скажуць, што пракат ім патрэбны, чыноўнікі абяцаюць паўторна разгледзець пытанне.