Выбары ў ЗША: што да іх беларусам?

Дэмакраты перамагаюць на выбарах у ЗША

Дэмакраты перамагаюць на выбарах у ЗША / BBC

У ЗША завяршыліся прамежкавыя выбары. Гэта значыць, што, пакуль беларусы спалі, амерыканцы пераабіралі Палату прадстаўнікоў Кангрэса і частку сенатараў.

Ці могуць вынікі амерыканскіх прамежкавых выбараў паўплываць на Беларусь і беларусаў? Разбіраліся разам з амерыканістам, паліталагіняй і беларусам, што галасуе ў ЗША.

Глядзіце наш вялікі стрым пра выбары

Датэрміновае галасаванне здаровага чалавека

У краіне, падзеленай паміж дзвюма буйнымі партыямі, беларус Дзяніс Баранаў — беспартыйны. Там, дзе ён працуе, размаўляць “пра палітыку” не прынята, а вось з сябрамі ён яе абмяркоўвае. Ён заўважыў, што былыя прыхільнікі рэспубліканцаў сёлета сталі цішэй казаць пра свае сімпатыі.

— Беларусы, якія два гады таму ў захапленні падтрымлівалі Трампа і спадзяваліся, што ён дасць Украіне сапраўдную зброю, а не “лялькі”, як Байдэн, апошнім часам неяк заціхлі, — зазначае наш суразмоўнік.

Мы звязваемся з ім за некалькі дзён да галасавання і даведваемся, што Дзяніс ужо адправіў свой голас па пошце — датэрмінова. У беларусаў у Беларусі ад фразы “датэрміновыя выбары” непрыемныя флешбэкі. Прагаласаваў датэрмінова — значыць, аддаў свой голас прадстаўніку ўлады. Але для амерыканцаў датэрміновае галасаванне — цалкам нармальная з’ява. У Калумбіі ўжо некалькі гадоў выбары праводзяцца амаль цалкам па пошце.

— Усе зарэгістраваныя выбаршчыкі атрымліваюць бюлетэні дома і маюць выбар: або даслаць яго, або прынесці на ўчастак, або не рабіць нічога і галасаваць у дзень выбараў. Каля майго дома ёсць скрынка для датэрміновага галасавання, таму я ўжо аднёс свае галасы на выхадных, — распавядае Дзяніс.

Паліталагіня Таццяна Кулакевіч таксама прагаласавала датэрмінова. Яна выкладае палітычныя дысцыпліны ў амерыканскім універсітэце. Яе студэнты часта валанцёраць падчас выбарчых кампаній і распавядаюць, што вельмі шмат людзей галасуюць датэрмінова.

— І я галасавала — і абсалютна не баялася ніякіх фальсіфікацый. Датэрміновае галасаванне — гэта зручна: прагаласаваць можна ў любы час. Калі б не датэрміновае галасаванне, людзям у асноўны дзень прыйшлося б стаяць у чарзе. А так чэргаў можна пазбегнуць.

Дарэчы, праз тое, што шмат хто галасуе не на выбарчым участку, а дасылае галасы поштай, ні сёння, ні заўтра канчатковыя вынікі выбараў мы яшчэ не даведаемся. Напрыклад, з Аляскі свае галасы можна будзе дасылаць яшчэ цягам двух тыдняў. Але ў час, калі мы публікуем гэты тэкст, ужо зразумела: у абедзвух палатах Кангрэса будуць панаваць дэмакраты. Менавіта такі прагноз і агучвала нам Таццяна Кулакевіч.

 

Хто большы сябра Беларусі — дэмакраты ці рэспубліканцы?

І вось мы падыходзім да пытання: за каго варта было балець беларусам? І першыя, і другія перш за ўсё сканцэнтраваны на амерыканскай унутранай палітыцы, кажа амерыканіст Антон Пянькоўскі.

— Але ў іх рознае стаўленне да таго, як мусяць працаваць амерыканскія інстытуты ўнутры Злучаных Штатаў. І праз гэта адбываюцца змены і ў знешняй палітыцы, бо яны вынікаюць з унутранай.

А Беларусь, як краіна адносна невялікая, падпадае пад уплыў буйных дзяржаў і іх глабальных інтарэсаў. Таму пэўны уплыў, хоць, часам, ускосны, амерыканская палітыка аказвае і на Беларусь, і на беларусаў. Яскравым прыкладам з’яўляецца палітыка Дональда Трампа апошніх двух гадоў.

Выбары ў ЗША: што да іх беларусам?
Джон Коўл / Еўрарадыё

Але Пянькоўскі дадае аптымізму: ён не бачыць падстаў, каб прадстаўнікам выканаўчай улады не было чым справаздачыцца перад заканадаўцамі па працы ў беларускім кірунку.

— Ёсць вельмі шмат краін, дзе амерыканская дыпламатыя не дамаглася выканання сваіх задач. Па Беларусі ж штосьці атрымліваецца, таму я не думаю, што менавіта беларускае пытанне стане тым таранам, які будзе выкарыстоўвацца Дэмакратычнай партыяй, каб біць па рэспубліканцах.

Проста беларусы і на гэтыя выбары глядзяць праз алярмісцкую оптыку і заўсёды шукаюць, што б яшчэ магло пагоршыць ім жыццё. Хіба не дастаткова ўжо?

 

Дык навошта за гэтым сачыць?

Калі выбары ў ЗША амаль стоадсоткава не адаб’юцца на Беларусі, дык навошта за імі сачыць? Бо пазбаўленым уласных выбараў беларусам можа быць проста карысна і цікава паназіраць, як працуюць інстытуты ў дэмакратычнай краіне.

Калі вам цікава — далучайцеся да вялікага стрыму Еўрарадыё з нагоды выбараў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.