У дзяржустановах Беларусі паставілі "тэхнічную заслону" для тэлефанаванняў з-за мяжы

Тэлефон, ілюстрацыйнае фота

Тэлефон, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

Беларускія чыноўнікі прыдумалі новы спосаб абараніцца ад тэлефанаванняў з замежных нумароў.

Як заўважыла выданне "Флагшток", апошнім часам пры спробе звязацца з якой-небудзь адміністрацыяй раёна, выканкамам ды іншымі ўстановамі выклікі пераадрасоўваюцца. Адказваюць на іх, як правіла, пенсіянеры — асноўныя карыстальнікі стацыянарнай сувязі Белтэлекама. Выглядае, што тэлефанаванні мэтанакіравана пераадрасоўваюць з нумароў дзяржструктур на кватэрныя нумары фізічных асоб.

Хутчэй за ўсё такім спосабам чыноўнікі хочуць абараніцца ад незалежных журналістаў, якія працуюць з-за мяжы. Не маючы магчымасці атрымаць інфармацыю афіцыйна, журналісты тэлефанавалі ў дзяржустановы як звычайныя грамадзяне.

Выданне звяртае ўвагу, што ў такіх умовах свае асабістыя пытанні з чыноўнікамі не змогуць вырашыць і астатнія беларусы, якія знаходзяцца за мяжой.

Дарэчы, раней дзяржсструктуры абвяшчалі шматлікія тэндары на закупку адпаведнай тэхнікі. Напрыклад, Жодзінскі гарвыканкам заказваў паслугу "па пераадрасацыі тэлефанаванняў на іншы, загадзя зададзены тэлефонны нумар (віртуальны нумар)". Такую ж паслугу купляла ўпраўленне Камітэту дзяржкантролю Магілёўскай вобласці. Пастаўшчыком паслугі быў абраны Белтэлекам. Каштуе яна больш за 17 рублёў штомесяц.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.