16-гадовага падлетка затрымалі за пастаўку махлярам акаўнтаў у месенджарах

Месенджары

Месенджары

16-гадовага падлетка з Мінскага раёна затрымалі сілавікі.

Паводле звестак Следчага камітэта, хлопец стварыў групу, якая прадавала махлярам акаўнты ў месенджарах. Яму інкрымінуюць крадзеж маёмасці шляхам мадыфікацыі камп'ютарнай інфармацыі, здзейснены арганізаванай групай у буйным памеры (частка 4 артыкула 212 КК).

Паведамляецца, што група, якой ён кіраваў, дзейнічала з 2024 года. Юнак адміністраваў чатыры тэлеграм-чаты на больш як 10 000 чалавек, размяркоўваў паміж удзельнікамі ролі і прыбытак ад продажу.

У групе існавала жорсткая іерархія з выразным падзелам роляў, кажуць следчыя. Адны ўдзельнікі былі адміністратарамі і мадэратарамі і кантралявалі доступ да рэсурсаў, іншыя займаліся тэхнічнай верыфікацыяй акаўнтаў.

Дропаў (тых, хто даваў свае даныя) вербавалі, кажучы пра неабходнасць акаўнту ў месенджарах для рэкламы бытавых тавараў. Насамрэч звесткі перадавалі ў ашуканскія кол-цэнтры.

Ператрусы прайшлі ў 40 удзельнікаў чатаў у Мінску і іншых гарадах. Сілавікі затрымалі пяцярых чалавек ва ўзросце ад 16 да 27 гадоў, а пацярпелымі па гэтай справе прызналі 30 грамадзян Расіі. У адной з пацярпелых выкралі больш за мільён расійскіх рублёў (больш за 12 000 даляраў).

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.