У Брэсцкай вобласці ў 2025 выявілі ў 4,9 раза больш выпадкаў шаленства, чым годам раней

Сітуацыя не паляпшаецца і ў 2026 годзе

Сітуацыя не паляпшаецца і ў 2026 годзе / pixabay.com

У 2025 годзе ў Брэсцкай вобласці атрымана 88 станоўчых вынікаў даследаванняў жывёл на шаленства. Гэта ў 4,9 раза больш, чым годам раней, калі было зафіксавана 18 выпадкаў. Такія звесткі прыводзяцца ў лісце Брэсцкага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя. Дакумент у распараджэнне рэдакцыі прадаставіла ініцыятыва BELPOL.

У лісце адзначаецца, што такая эпізаатычная сітуацыя стварае пагрозу кантакту насельніцтва з хворымі жывёламі і павышае рызыку захворвання людзей.

Як адзначаецца ў дакуменце, колькасць пацярпелых ад кантакту з жывёламі застаецца высокай: у 2025 годзе па антырабічную дапамогу звярнулася 2690 чалавек, што на 19,3% больш, чым у папярэднім годзе. З іх 38 чалавек кантактавалі з жывёламі, у якіх было пацверджана шаленства.

Як паведамлялася раней, у першым паўгоддзі 2026 года ў Беларусі пагоршылася эпізаатычная сітуацыя па шаленстве ў Брэсцкай і Віцебскай абласцях, а таксама эпідэміялагічная сітуацыя ў Магілёўскай вобласці. 

Шаленства з'яўляецца асабліва небяспечнай смяротнай інфекцыйнай хваробай. Штогод у свеце звыш чатырох мільёнаў чалавек атрымліваюць антырабічную дапамогу пасля кантакту з жывёламі, каля 50 тысяч чалавек гінуць ад гэтай хваробы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.