Рэктар ВНУ трапіў пад суд за прыпіскі пры наборы студэнтаў
Суд
Былога рэктара сельскагаспадарчай ВНУ будуць судзіць па абвінавачанні ў перавышэнні службовых паўнамоцтваў. Пракуратура Віцебскай вобласці ўжо накіравала яго крымінальную справу ў суд.
Паведамляецца, што мужчына ўзначальваў прыёмную камісію ў сваёй ВНУ. Паводле следства, з ліпеня 2020-га па верасень 2023-га ён загадваў падначаленым завышаць паказчыкі прыёму абітурыентаў на бюджэтную форму навучання, каб выканаць кантрольныя лічбы прыёму. Супрацоўнікі падавалі ў прыёмную камісію дакументы абітурыентаў, іх залічвалі ў студэнты, а пазней — адлічвалі.
"У выніку супрацьпраўных дзеянняў на дзённую форму атрымання вышэйшай адукацыі за кошт бюджэтных сродкаў, у тым ліку ў рамках мэтавай падрыхтоўкі, было фіктыўна залічана не менш за 95 грамадзян", — заяўляюць у пракуратуры.
Пракурорскія работнікі кажуць пра "істотную шкоду дзяржаўным інтарэсам", якую прычыніў рэктар: скажэнне дзяржаўнай статыстыкі, сарваны дзяржзаказ на падрыхтоўку кадраў для аграпрамысловага комплексу, падарваная рэпутацыя ВНУ.
Да суда абвінавачаны застаецца на волі пад асабістым паручальніцтвам.