Польскі генерал назваў залёт расійскага верталёта ў неба Польшчы невыпадковым

Мі-8. Фота носіць ілюстратыўны характар

Мі-8. Фота носіць ілюстратыўны характар / Euronews

Адстаўны генерал Раман Полька заявіў, што парушэнне польскай паветранай прасторы расійскім верталётам нельга лічыць выпадковасцю. Пра гэта ён сказаў у інтэрв'ю газеце "Rzeczpospolita".

Інцыдэнт адбыўся 23 верасня 2026 года, калі расійскі ваенны верталёт парушыў паветраную прастору Польшчы, пра гэта паведаміла Аператыўнае камандаванне. Ён знаходзіўся ў польскай паветранай прасторы 42 секунды і заляцеў углыб тэрыторыі прыкладна на 300 метраў. У адказ Польшча падняла дзяжурныя знішчальнікі.

Полька адзначыў, што выпадковасцю такія інцыдэнты можна было б лічыць шмат гадоў таму. Па яго словах, на тэрыторыю Польшчы сістэматычна трапляюць беспілотнікі новага пакалення, у тым ліку рэактыўныя, якія нядаўна знайшлі ў раёне Балтыйскага мора.

"Расійскі бок вядзе гібрыдныя, псіхалагічныя, правакацыйныя дзеянні", — сказаў генерал. 

Ён дадаў, што пілот у гэтым раёне добра ведае, дзе знаходзіцца, і без згоды камандавання не здзейсніў бы такі палёт.

Полька заявіў, што ў Польшчы па-ранейшаму няма алгарытму, працэдур і прававых норм, якія дазваляюць дзейнічаць інакш, чым у мірны час. Па яго словах, у заканадаўстве няма паняцця гібрыднай вайны, хаця на практыцы яна працягваецца. 

Польский генерал назвал залёт российского вертолёта в небо Польши неслучайным
Раман Полька / PAP

Ён выказаў надзею, што віцэ-прэм'ер і міністр абароны Уладзіслаў Косіняк-Камыш правядзе праз заканадаўчы працэс закон, адаптаваны да цяперашніх рэалій.

Полька лічыць, што ў законе неабходна вызначыць паняцце гібрыднай вайны і зачыніць паветраную прастору ў найбольш важных раёнах. Па яго словах, пры сістэматычных правакацыях варта лічыць, што другі бок ужо папярэджаны, а сродкі паветранага нападу ў польскім небе будуць збіваць.

Ён таксама выказаў меркаванне, што пры такіх парушэннях мяжы рэакцыя павінна быць жорсткай, напрыклад у выглядзе папераджальных стрэлаў.

Нагадаем, што Польшча ўсё часцей стала падвяргацца гібрыдным атакам. Ноччу 24 верасня адбыўся пажар на наземнай станцыі спадарожнікавай сувязі Starlink у Мазавецкім ваяводстве Польшчы. Улады падазраюць дыверсію.

22 верасня ў Люблінскім ваяводстве два грузавыя цягнікі, якія рухаліся ў супрацьлеглых напрамках, наехалі на бетонныя блокі, пакладзеныя на чыгуначныя рэйкі.

На шчасце, цягнікі з рэек не сышлі, пацярпелых няма. Праўда, пракуратура прыкмет тэрарызму не выявіла. Па папярэдняй версіі, магла ісці гаворка пра хуліганства.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.