У Польшчы загарэлася станцыя Starlink, якая забяспечвае сувязь у тым ліку для Украіны

Наземная станцыя Starlink

Наземная станцыя Starlink / wikipedia.org

Пажар на наземнай станцыі спадарожнікавай сувязі Starlink здарыўся ў Мазавецкім ваяводстве Польшчы.

Гэтая станцыя забяспечвае інтэрнэт-сувязь у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе, у тым ліку ва Украіне. Віцэ-прэм'ер і міністр лічбавізацыі Польшчы Кшыштаф Гаўкоўскі мяркуе, што гэта можа быць дыверсіяй, адзначае выданне MOST.

Інцыдэнт адбыўся позна ўвечары 23 верасня ў Волі-Крабоўскай. Уладальнік участка, на якім размяшчаецца станцыя, паведаміў экстраным службам пра пажар антэн. Агонь удалося патушыць. Таксама быў пашкоджаны электрагенератар.

Паводле папярэдніх звестак, прычынай пажару мог стаць падпал размеркавальнага шчыта. Разглядаецца таксама версія кароткага замыкання электраправодкі. Разбіральніцтвам займаецца паліцыя. Пра выпадак апавясцілі таксама Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы (ABW) і Цэнтральнае бюро расследаванняў паліцыі (CBŚP).

Напярэдадні, 23 верасня, у паветраную прастору Польшчы заляцеў расійскі вайсковы верталёт Мі-8. Паведамлялася, што ён перабываў у польскай паветранай прасторы 42 секунды і заляцеў углыб тэрыторыі прыкладна на 300 метраў. У адказ Польшча падняла дзяжурныя знішчальнікі.

22 верасня ў Люблінскім ваяводстве два грузавыя цягнікі, якія рухаліся ў процілеглых кірунках, наехалі на бетонныя блокі, пакладзеныя на чыгуначныя каляіны. На шчасце, цягнікі з рэек не сышлі, пацярпелых няма. Праўда, пракуратура прыкметаў тэрарызму не выявіла. Паводле папярэдняй версіі, гаворка магла ісці пра хуліганства.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.