“Перафарбоўваць ужо не трэба”. Што сказалі ў школе, дзе забаранілі вучням яркія валасы
Падлетак з пафарбаванымі валасамі працуе за камп'ютарам / Pexels / Michael Kramor
Напярэдадні Дня ведаў у беларускай медыяпрасторы разгарэлася спрэчка пра тое, як мусяць выглядаць дзеці, калі ходзяць у школу.
Нагодай стаў пост у Threads з апублікаванымі патрабаваннямі Сярэдняй школы № 1 імя С. І. Грыцаўца горада Баранавічы (арыгінальны пост у Instagram школа выдаліла) да знешняга выгляду і прычоскі вучняў. Зыходзячы з іх, хлопчыкам забараняецца рабіць яркія і экстравагантныя стрыжкі, фарбаваць валасы, брыць галаву пад ноль ці выбрываць на ёй узоры. А дзяўчынкам — мець яркі макіяж і лак для пазногцяў, насіць буйную біжутэрыю і ўпрыгожанні, якія будуць на сябе адцягваць увагу.
Журналіст Еўрарадыё пад выглядам бацькі патэлефанаваў у Баранавічы, каб запытацца ў мясцовых чыноўнікаў і кіраўнікоў, што рабіць з пафарбаванымі ў сіні колер валасамі сваіх дзяцей.
“Наконт колеру я нічога не магу каментаваць”
Спачатку атрымалася датэлефанавацца да Упраўлення па адукацыі гарвыканкама Баранавічаў. Яго кіраўніца Людміла Скіндзер распавяла нам, што валасы вучняў павінны быць “акуратнымі, чыстымі і ахайнымі”.
Але якога яны павінны быць колеру, патлумачыць адмовілася.
“Наконт колеру я нічога не магу каментаваць, якога яны павінны быць колеру. Вось я вам каментую, як павінна быць згодна з патрабаваннямі і стандартам, наогул агульнапрынятымі нормамі. Гэта афіцыйная ўстанова. Я цытую: валасы павінны быць акуратнымі, чыстымі і дагледжанымі. Усе астатнія пытанні, калі ласка, дырэктар вам усё растлумачыць”.
І сапраўды, дырэктарка школы Марына Купцова растлумачыла сітуацыю, хоць і не паверыла ў легенду нашага журналіста, што яго дзеці вучацца ў яе школе.
“Валасы сапраўды павінны быць чыстымі і ахайнымі. А знешні выгляд вучняў павінен адпавядаць дзелавому”.
Але што рабіць, калі дзеці ўжо пафарбавалі валасы ў сіні колер, а заўтра лінейка? Ці пусцяць іх тады ў школу? Кіраўніца вучэбнай установы запэўніла, што пусцяць.
“Перафарбоўваць ужо нічога не трэба. Але агулам нашыя вучні і іх бацькі ведаюць, як трэба выглядаць для наведвання заняткаў”, — падкрэсліла суразмоўніца.