Пачынаецца новы этап рэканструкцыі Чырвонага касцёла ў Мінску

Чырвоны касцёл падчас рамонту

Чырвоны касцёл падчас рамонту / katolik.life

Асноўныя будаўнічыя канструкцыі Чырвонага касцёла ў Мінску цалкам гатовыя ці знаходзяцца ў высокай ступені гатоўнасці. Такую выснову зрабіла выданне katolik.life.

Выданне звярнула ўвагу на абвестку, якую на сэрвісе закупак размясціў уласнік будынку — дзяржпрадпрыемства "Мінская спадчына": яно хоча набыць абсталяванне — прытокава-выцяжныя сістэмы і блокавы цеплавы пункт.

Звычайна мантаж такога абсталявання адбываецца на этапе інжынернага аздаблення будынку. Пасля яго праходзіць пусканаладка інжынерных сістэм, аздобныя працы, рэстаўрацыя інтэр'ераў, добраўпарадкаванне тэрыторыі і ўвод аб'екта ў эксплуатацыю.

Згодна з умовамі тэндару, абсталяванне павінна быць пастаўленае да канца кастрычніка. Яго мантаж, пусканаладка інжынерных сістэм і далейшыя работы могуць заняць яшчэ некалькі месяцаў.

Паводле графіку, увод будынка ў эксплуатацыю запланаваны на студзень 2027 года. У гэты тэрмін будаўнікі ўкласціся могуць, але варта быць гатовымі да падаўжэння тэрмінаў.

Пры гэтым няясным застаецца далейшы лёс будынка. Улады так і не сказалі, ці пусцяць у касцёл парафію святых Сымона і Алены, выселеную некалькі гадоў таму, і на якіх умовах. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.