Чытайце фрагмент кнігі "Нябачныя: Галасы жонак беларускіх палітвязняў"
У кнізе сабраны гісторыі жанчын, чые мужы апынуліся ў зняволенні за свае перакананні / gutenbergpublisher.eu
У выдавецтве Gutenberg Publisher выйшла новая кніга псіхалагіні Вольгі Вялічка "Нябачныя: Галасы жонак беларускіх палітвязняў", прэзентацыя якой адбылася ў рамках варшаўскага фестывалю PRADMOVA.
У кнізе сабраны гісторыі жанчын, чые мужы апынуліся ў зняволенні за свае перакананні. Частка гераінь выступае пад уласнымі імёнамі, сярод іх Святлана Ціханоўская, іншыя схаваны пад псеўданімамі.
Прадмову напісаў нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі. Водгукі да кнігі пакінулі былыя палітзняволеныя.
Вольга Вялічка — псіхолаг, грамадская актывістка і літаратарка. Яна стварыла сістэму палеатыўнай дапамогі ў Гродне і дабрачынную арганізацыю "Гродзенскі дзіцячы хоспіс".
З дазволу выдавецтва Еўрарадыё публікуе фрагмент з кнігі.
***
Валерыя: Я жыла ў ружовых акулярах веры
Калі я цяпер спрабую разабрацца ў тым, што адбывалася ўсе гэтыя чатыры гады турмы мужа, то часам мне здаецца, што я гляджу на сваё жыццё нібыта гэта нейкі фільм, у якім я мала што памятаю ці разумею. Але гэта ўсё было са мной і з маім сынам. І я разумею, мне важна пра гэта гаварыць так, як я пра гэта думаю і адчуваю — без прыгожых слоў і спрошчаных высноў, бо ўвесь гэты час я жыла ў ружовых акулярах веры.
Дамінік у дзяцінстве быў вельмі цяжкім хлопчыкам. Ён, мне здаецца, нават дыхаў гучней за іншых. Пасля яго нараджэння мне здавалася, што я проста не вытрымаю: ён крычаў дзень і ноч, на руках, у ложку, на вуліцы. Усе казалі: «Пачакай, пройдзе». Але я чакала месяц, другі, трэці, а ён усё крычаў. Калі я прасіла дапамогі, мне яе асабліва не было адкуль узяць. Свякроўка прыехала, паглядзела пару дзён і з’ехала — сказала, што «такі дзіцячы характар» і што «я сама павінна разабрацца». А муж працаваў дні і ночы, жыў нібыта побач, але ў сваёй рэальнасці, дзе не было месца маім праблемам ці просьбам. У нас была аднапакаёўка, і кожны дзень я выходзіла з дзіцем на двор, каб муж мог адпачыць перад наступнай начной зменай. Я ўцякала з кватэры не таму, што хацела на прагулку, а таму што не было куды дзецца, бо мужу ж трэба адпачыць ад дзіцячага крыку. Малы тады крычаў на вуліцы, я яго насіла, калыхала. На вуліцы было прасцей не крычаць на малога, бо людзі ж ходзяць.
І яшчэ гэтая мая пасляродавая дэпрэсія… Я тады не разумела, што гэта яна. Мяне проста разрывалі эмоцыі. Я магла плакаць, крычаць, біць посуд — не таму што злая, а таму што я ўжо не вытрымлівала. Мне здавалася, што мяне ніхто не чуе і не хоча бачыць. У гэтыя моманты муж бываў зусім жорсткі. Ён падымаў сына высока над сваёй галавой, трымаў так, што я не магла яго дастаць. І проста мне ў твар крычаў: «Супакойся, істэрычка, ты мяне дастала. Ты нічога не кантралюеш і не вырашаеш тут». Я плакала, прасіла аддаць дзіця. А ён казаў: «Калі табе цяжка, значыць, дзіця не патрэбна. Я забяру яго, маме адвязу, яна нармальная і выгадуе яго».
Гэта была мая самая вялікая рана мацярынства, якая не зарасла да гэтага часу. Калі Дамінік падрос, яго паводзіны сталі нібыта працягам тых першых гадоў. Ён мог быць добры, вельмі ласкавы, уважлівы, але ў моманты, калі яму здавалася, што ўвага не на ім, ён нібыта ператвараўся ў вампіра. Нібыта ўключаўся механізм: зараз трэба прыцягнуць маму, яна мая. І ён прыцягваў праз істэрыкі, непаслухмянасць, нахабства. Дайшло нават да абраз у мой бок, якія ён чуў ад бацькі. Пакуль муж быў у калоніі, былі толькі істэрыкі, сын быў малы. А каля вярнуўся муж і пайшлі зноў папрокі і патрабаванні, цяпер да іх далучыўся сын. Муж гэтым карыстаўся і дадаваў: «Глядзі, нават Дамінік ужо не вытрымлівае тваіх істэрык, палячыся ідзі».
Дамінік не забывае крыўды. Ён можа не крычаць, але захоўвае ўсё ўнутры. Ён баіцца людзей у форме. Баіцца гучных гукаў. Баіцца, што мяне зноў забяруць. Баіцца, што ён застанецца адзін. І ўсё гэта — пасля 2020 года. Калі мужа забралі, мы былі ўвогуле ў стане пастаяннага страху. Я адвяла сына да суседзяў, каб ён не бачыў ператрусу. Але потым былі ператрусы ў наступныя месяцы, і ён ужо ўсё разумеў. Ён чуў, як я кажу яму: «Я вярнуся. Я заўсёды вяртаюся». У такія моманты, каля тыдня пасля гэтага, ён пераставаў крычаць, пераставаў біцца ў істэрыцы. Ён нібыта навучыўся збірацца і быць вельмі самастойным. Такім напружана самастойным. Ён казаў: «Я ведаю, ты вернешся. Не плач, мама».
Памятаю, як сябры забралі малога на выхадныя, вырашылі мне дапамагчы. Павезлі яго разам са сваімі дзецьмі на лецішча, рыбу там лавілі, па лесе бегалі — такія хлапчуковыя справы, якія я як мама не магу зрабіць. Калі ў нядзелю яны вярталіся ў горад, іх спыніла ДАІ для простай праверкі дакументаў. Потым сябры расказвалі мне, як Дамінік моцна спужаўся. У момант, калі ён пабачыў людзей у форме, ён застыў. У іх проста праверылі дакументы, і яны паехалі. І тут Дамінік пачаў моцна трэсціся, схапіўся за галаву рукамі і не мог спыніцца. Сябры вельмі моцна напужаліся, вядома, не чакалі такога. Я і сама не ведала, што такое можа быць.
Яшчэ памятаю, калі да нас прыйшлі, пэўна, у трэці раз з вобшукам, сын ужо паводзіў сябе спакайней. Нават у кантакт з імі ўступаў, нешта пра футбол расказваў. Мне гэта моцна дапамагло, яны неяк адцягнулі на сябе ўвагу дзіцяці. Калі я вярнулася, сяброўкі сказалі, што Дамінік быў такі сабраны, што яны ў шоку ад яго паводзін былі, бо яны бачылі яго стаўленне да мяне ў іншых сітуацыях. Мая мама плакала, а сын сказаў ім: «Так, я зараз пайду ў школу, а калі прыйду, то мама будзе ўжо дома. Бабуля, ты тут не плач, я прынясу добрыя адзнакі».
І вось у такія моманты я бачыла ў ім тое самае дзіця, якое нарадзілася ў крыку, але якое ўсё роўна вельмі моцна трымаецца за мяне, як быццам я — ягоны сусвет. Я не ведаю, дзе ў гэтай гісторыі пачатак і канец. Я не ведаю, дзе мая віна, а дзе проста абставіны, якія разбураюць людзей гадамі.
Я толькі ведаю, што Дамінік — дзіця, якое жыве паміж маімі эмоцыямі, страхамі, бяссіллем, надзеяй і болем. І ён сам — сплаў маёй любові і ран. І ўсё, што я цяпер магу, — спрабаваць зразумець яго, сябе і тое, што мы перажылі разам, пакуль чакалі майго мужа, яго бацьку, з турмы. А іначай гэта проста незамкнёнае кола болю. А я сапраўды хачу, каб яно калі-небудзь перастала круціцца, цяпер ужо пасля разводу з мужам — мы разышліся пасля таго, як яго вызвалілі.
Толькі цяпер, калі наша гісторыя ўжо скончылася разводам, я пачынаю разумець, што раскол паміж намі з'явіўся задоўга да турмы. Доўгі час мне хацелася верыць, што менавіта яна ўсё сапсавала, бо так было прасцей: калі вінаватыя абставіны, значыць, пасля іх знікнення жыццё павінна вярнуцца на сваё месца. Але цяпер я разумею, што турма не стварыла нашы праблемы. Яна толькі зрабіла іх настолькі відавочнымі, што ад іх ужо немагчыма было адвярнуцца.
Пакуль муж быў за кратамі, мяне трымала надзея. Мне здавалася, што пасля вызвалення ўсё абавязкова наладзіцца, што мы проста вельмі стаміліся і нам спатрэбіцца час, каб зноў навучыцца быць разам. Я заўсёды знаходзіла тлумачэнні таму, што адбывалася паміж намі: спачатку праца, потым — стрэс, пасля — турма. Здавалася, што варта толькі дачакацца лепшага моманту, і ўсё стане на свае месцы.
Але пасля вызвалення высветлілася, што вярнуўся чалавек, якога я добра ведала і да арышту. Розніца была толькі ў тым, што за гэтыя гады вельмі змянілася я сама. Не таму, што хацела гэтага, а таму што жыццё не пакінула іншага выбару. Мне давялося навучыцца самастойна прымаць рашэнні, зарабляць грошы, выхоўваць сына, перажываць ператрусы, пагрозы і пастаянны страх, не чакаючы, што нехта прыйдзе і вырашыць мае праблемы. Пасля ўсяго перажытага я ўжо не магла зноў зрабіць выгляд, што ўсё добра, толькі дзеля таго, каб захаваць спакой.
Самым цяжкім для мяне было нават не тое, што ён не ведаў, праз што нам давялося прайсці. Адкуль ён мог гэта ведаць, калі быў ізаляваны ад жыцця? Значна больш балюча было адчуваць, што ён не вельмі хацеў убачыць гэты досвед, не спрабаваў зразумець, як змянілася наша жыццё за гады ягонай адсутнасці. Для яго галоўнай гісторыяй заставалася турма. Для мяне — жыццё, якое не спынілася разам з яго арыштам. Гэта было жыццё, у якім трэба было кожны дзень прымаць дзясяткі рашэнняў, заставацца моцнай, калі хацелася проста расплакацца, і браць на сябе адказнасць за ўсё, што адбывалася вакол.
Мне вельмі хацелася, каб пасля вызвалення мы нарэшце зноў сталі адной камандай, каб змаглі не толькі радавацца сустрэчы, але і разам перажыць тое, што адбылося з кожным з нас. Аднак гэтага не атрымалася. Напэўна, менавіта тады я ўпершыню прызналася сабе, што ўдзячнасць і каханне — гэта не адно і тое. Я заўсёды буду ўдзячная яму за тое, што ён вытрымаў турму, але гэта не адмяняе таго, што і мае гады былі цяжкім выпрабаваннем. Яны таксама пакінулі ўва мне раны, і гэтыя раны не рабіліся меншымі толькі таму, што яго боль быў іншы.
Мы разышліся ўжо пасля вызвалення, але не таму, што турма ўсё знішчыла. Хутчэй наадварот: калі неабходнасць проста выжываць засталася ў мінулым, мы ўпершыню змаглі ўбачыць нашы адносіны без пастаяннага адчування небяспекі і чакання. І тады стала відавочна тое, чаго мы вельмі доўга не хацелі прызнаваць: далей ісці разам у нас ужо не атрымліваецца.
Цяпер я не шукаю вінаватых і не думаю пра тое, хто зрабіў больш памылак. Мне проста шкада нас абаіх, таму што кожны нёс свой цяжар і кожны па-свойму спрабаваў выжыць. Але больш за ўсё мне шкада сына, бо дзеці амаль заўсёды плацяць за тое, што дарослыя не здолелі своечасова сказаць адно аднаму праўду.
Напэўна, менавіта таму сёння мне хочацца толькі аднаго: каб гэтая гісторыя скончылася на нашым пакаленні. Каб майму сыну не давялося жыць з перакананнем, што каханне абавязкова патрабуе самаахвярнасці, што пра боль трэба маўчаць, а адносіны варта захоўваць любой цаной. Мне хочацца верыць, што ён здолее пабудаваць сваю сям'ю інакш — так, каб у ёй было месца для шчырасці, узаемнай павагі і размовы, у якой не страшна сказаць пра тое, што табе балюча. Калі гэта адбудзецца, значыць, усё, праз што прайшлі мы, не было дарэмным.