Мармоны бясплатна аблічбоўваюць старыя дакументы Вялікага Княства Літоўскага

Прывілей вялікага князя літоўскага Казіміра Ягелончыка

Прывілей вялікага князя літоўскага Казіміра Ягелончыка / Вікіпедыя

Генеалагічная арганізацыя FamilySearch бясплатна аблічбоўвае старажытныя акты Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ), якія захоўваюцца ў Літоўскім дзяржаўным гістарычным архіве, паведамляюць літоўскія СМІ. Гэтая арганізацыя фундуецца Царквой Ісуса Хрыста Святых апошніх дзён (мармонамі).

Мармоны практыкуюць хрышчэнне за памерлых, для чаго ім патрабуюцца дакладныя імёны памерлых, даты іх смерці і роднасныя сувязі. Іх арганізацыя даўно збірае такія звесткі з архіваў, бібліятэк і цэркваў па ўсім свеце.

Кіраўнік Літоўскага архіва Дарус Жаруоліс у каментарах журналістам заявіў, што "ніякіх шаманскіх або мармонскіх рытуалаў не праводзіцца". Ён падкрэсліў, што FamilySearch аблічбоўвае не дакументы, якія захоўваюцца ў касцёле, а папяровыя ці мікрафільмаваныя старыя акты ВКЛ і даныя іншых рэлігійных канфесій, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення.

Паводле яго, мармоны супрацоўнічаюць з літоўскімі архівамі з 1994 года. Яны бясплатна аблічбоўваюць старыя дакументы, на што ў архіва нестае грошай.

За бліжэйшыя 4-5 гадоў плануецца аблічбаваць 1043 фонды і ўсе 1576 вопісаў (агулам каля 23 млн выяваў).

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.