“Маўчанне крычыць пра катастрофу”. Што пішуць у прэсе Венецыі пра беларускі фільм
Лагатып 83-га Венецыянскага кінафестывалю / Reuters / Yves Herman
“Пераносіць на экран тэкстуру цесных, цёмных камер жаночай папраўчай калоніі”. “Робіць незабыўнае ўражанне”.
Так журналісты з розных краін апісваюць дакументальную стужку “Лісты” (“Лісты з маўклівай краіны”) рэжысёра Андрэя Куцілы, прэм’ера якой адбылася на гэтым тыдні на 83-м Венецыянскім кінафестывалі.
Еўрарадыё праглядзела публікацыі пра фільм і пераказвае самыя цікавыя моманты. Нашу размову з аўтарам вы можаце прачытаць тут.
Пра што фільм “Лісты”
“Партрэт сучаснай Беларусі, расказаны праз гісторыі людзей, якія перажылі зняволенне, рэпрэсіі і выгнанне, — галасы, заглушаныя аўтарытарным рэжымам”, — так апісваецца сутнасць “Лістоў” у аўтарскім сінопсісе на старонцы кінафестывалю.
Праект ствараўся цягам апошніх пяці год, часам паўпадпольным чынам, з выкарыстаннем розных мастацкіх сродкаў: дакументальнага кіно, прыватнай кінахронікі, анімацыі, літаратуры.
Складаюцца “Лісты” з чаторых гісторый: памерлага ў зняволенні палітычнага актывіста Вітольда Ашурка, студэнткі Касі Будзько, следчага Андрэя Астаповіча, праваабаронцы Таццяны Гацуры-Яворскай — кожная з іх раскрывае асабісты досвед рэпрэсій.
“Бацька хаваецца ад сачэння, каб пазбегнуць арышту і разлукі з дачкой. Былы следчы крымінальнай міліцыі вырашае пакінуць сістэму, уцякае з Беларусі, а ў эміграцыі ў Польшчы сутыкаецца з паўторнымі допытамі і ўсё большым адчуваннем тупіка і бездапаможнасці”.
Адны гісторыі распавядаюцца праз ажыўшыя малюнкі, атрыманыя з-за кратаў. Іншыя — праз фотаздымкі з волі, “старанна адабраныя фрагменты свету за межамі турэмных сцен, якія дораць імгненні свабоды і адначасова прымушаюць задумацца не толькі пра тое, што можна ўбачыць, але і пра тое, што застаецца нябачным”.
У сваёй аўтарскай заяве Куціла кажа, што яго фільм не пра мінулае, а пра сучаснаць.
“Рэпрэсіі працягваюцца. Амаль кожны дзень кагосьці арыштоўваюць, кагосьці асуджваюць — часта так, што грамадскасць пра гэта нават не ведае. Сваім фільмам я хачу даць голас тым, хто не можа гаварыць, — беларусам, якія жывуць у краіне, дзе галасы прымушаюць маўчаць”.
“Немагчымасць звычайнага жыцця ў межах дзяржавы-казармы”
Вялікіх рэцензій на стужку пакуль з’явілася няшмат, журналісты пераважна засяродзіліся на размовах з аўтарам пра палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі, узровень якіх іх шакіраваў.
“Архіўныя матэрыялы паказваюць ператрусы і збіццё, кароткія эпізоды, у якіх вока раптам заўважае, што кроў — гэта сапраўды кроў, жах на тварах — сапраўдны жах, а рукі мірных грамадзян, якія, дрыжучы, трымаюць зброю, сапраўды дрыжаць. Гэта можна зразумець па нейкай мікраскапічнай розніцы, па ледзь улоўным адценні, якое, аднак, гаворыць усё”, — піша ў сваёй калонцы Ліза Гінзбург, аглядальніца каталіцкага штотыднёвіка Avvenire.
Аўтар незалежнага італьянскага кіначасопіса Taxidrivers Андрэй Вецэра ўвогуле лічыць, што “Лісты” нагадалі гасцям Венецыі, для чаго існуе мастацтва кіно.
“Кожны ліст, які гучыць за кадрам, служыць не для тлумачэння выявы, а для падкрэслівання адсутнасці — адсутнасці свабоды, адлегласці ад блізкіх, немагчымасці звычайнага жыцця ў межах дзяржавы-казармы”.
Стужка ператварае лісты, фатаграфіі і малюнкі ў маленькія акты супраціву, лічаць аглядальнікі міланскага часопіса Film TV.
“Бо, калі рэжым спрабуе сцерці чалавека з публічнай прасторы, расказаць пра тое, што ён бачыць, што памятае і што адчувае, гэта можа стаць чымсьці большым за сведчанне — самым простым і радыкальным спосабам сцвердзіць, што гэты чалавек усё яшчэ існуе”.
Украінская кінакрытыкеса Соня Уселюбска заўважыла ў беларускай стужцы ўніверсальныя чалавечыя матывы.
“Менавіта ў гэтым трывожным паслясмаку і змяшчаецца вялікая моц «Лістоў», якая выходзіць далёка за межы Беларусі і нават за межы асэнсавання таго, якой можа быць цана дэмакратыі. Найбольш моцнае ўражанне ад фільма — ён прымушае нас сутыкнуцца з тым, як лёгка мы забываем тых, хто выступіў супраць тыраніі і пацярпеў паразу, і як гучна іх маўчанне крычыць пра катастрофу”, — друкуе яе меркаванне лонданскі часопіс Little White Lies.