Стала вядома, за што асудзілі адваката Бабарыкі
Дзмітрый Лаеўскі / фота з ФБ-акаўнту Віктара Бабарыкі
Асуджанаму адвакату Дзмітрыю Лаеўскаму на судзе інкрымінавалі дзевяць эпізодаў. Восем з іх — паводле арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці), адзін — паводле арт. 369-1 КК (дыскрэдытацыя Беларусі).
Як расказаў праваабарончаму цэнтру "Вясна" ягоны сябра і былы калега Яўген Пыльчанка, падставай для пераследу сталі інтэрв'ю Лаеўскага розным незалежным беларускім медыя.
Як паведамляла Еўрарадыё, 9 верасня Мінскі гарадскі суд прысудзіў Лаеўскаму тры гады пазбаўлення волі.
Суд над ім пачаўся 2 верасня. У абвінавачванні гаварылася, быццам адвакат у сваіх інтэрв'ю распаўсюджваў "свядома ілжывыя звесткі" пра сітуацыю ў Беларусі і дзейнасць дзяржаўных органаў.
Пыльчанка сцвярджае, што абвінавачванне не прывяло ніводнага канкрэтнага выказвання Лаеўскага, якое змяшчала б "ілжывыя звесткі", і не патлумачыла, у чым была іх "ілжывасць". Пераважна гаворка ішла пра меркаванні і ацэначныя суджэнні адваката.
Дзмітрый Лаеўскі ў 2020-2021 гадах абараняў Віктара Бабарыку і Максіма Знака, за што паплаціўся адвакацкай ліцэнзіяй. Раней, у 2011-2012 гадах, ён быў абаронцам Алеся Бяляцкага.