"Базавыя каманды асвойваюць за два тыдні" — як у Беларусь вязуць працоўных мігрантаў
Праца, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
Па стане на 31 жніўня 2026 года на Мінскім трактарным заводзе налічвалася 1463 працоўныя вакансіі. На фоне кадравага дэфіцыту прадпрыемства атрымала ліст ад ТАА "Станапрынт Інтэрнэшнл". Кампанія прапануе комплексную паслугу па прыцягненні, легалізацыі і адаптацыі некваліфікаваных работнікаў з краін Сярэдняй Азіі — Узбекістана і Таджыкістана, Паўднёвай Азіі — Пакістана і Непала, а таксама Блізкага Усходу і Паўночнай Афрыкі — Егіпта, Марока, Лівіі і Туніса. Адпаведныя дакументы аказаліся ў распараджэнні ініцыятывы былых сілавікоў BELPOL.
Малавядомая кампанія разгарнула ў Беларусі патэнцыйна прыбытковы бізнес. На думку BELPOL, створаны механізм тэарэтычна можа выкарыстоўвацца не толькі для працоўнай міграцыі, але і для ўвозу людзей, якія потым спрабуюць нелегальна трапіць у ЕС.
Кампанія "Станапрынт Інтэрнэшнл" была зарэгістраваная Мінгарвыканкамам 16 сакавіка 2026 года. Яе заснавальнік — ураджэнец Растова-на-Доне, пенсіянер Міністэрства абароны Аляксандр Валянцінавіч Чарушын. Асноўны від дзейнасці — паслугі турыстычных агенцтваў.
Амаль адразу пасля рэгістрацыі кампанія стала рассылаць прапановы па падборы замежных работнікаў прадпрыемствам па ўсёй Беларусі, а таксама абласным упраўленням сельскай гаспадаркі. Дамовы з ёй ужо заключылі, у прыватнасці, "Чэрвеньскае ПМС" і "Бярэзінскае ПМС".
За падбор і суправаджэнне аднаго работніка кампанія атрымлівае 100 рублёў. Пры гэтым прыцягненне аднаго замежнага работніка з Непала ці Пакістана павінна каштаваць прадпрыемству прыкладна 1810-2110 рублёў, адзначаюць у BELPOL.
Аўтары прапановы так апісваюць перавагі патэнцыйных работнікаў з Непала і Пакістана:
— адмова ад алкаголю;
— фізічная цягавітасць;
— гатоўнасць да цяжкай працы, працяглых працоўных зменаў і перапрацовак.
Высокую прадукцыйнасць прапануецца падтрымліваць сістэмай KPI, празрыстымі прэміямі (аж да 100% акладу) і дадатковай аплатай звышурочнай працы. Таксама аўтары дакумента адзначаюць, што работнікі будуць строга трымацца працоўнай і міграцыйнай дысцыпліны пад страхам дэпартацыі. А паколькі ў Беларусі няма арганізаваных дыяспараў, дык не ўзнікнуць і нефармальныя лідары.
"Базавыя каманды асвойваюць за два тыдні", — адзначаецца ў дакуменце. Пры неабходнасці мігранты, маўляў, гатовыя вывучаць рускую ці беларускую мову.