Шпіёнскі трылер французскага пісьменніка прызналі ў Беларусі "экстрэмісцкім"
Кнігі Марка Леві / catalog-cdn.detmir.st
Міністэрства інфармацыі ўнесла ў спіс "экстрэмісцкіх матэрыялаў" раман "Ноа" французскага пісьменніка Марка Леві. Адпаведнае рашэнне прыняў 7 верасня суд Цэнтральнага раёна Мінска.
Гэта шпіёнскі трылер, які з’яўляецца трэцяй, заключнай, часткай цыкла "Група 9". Як адзначае "Позірк", значная частка дзеяння ў кнізе адбываецца ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.
Сюжэт пачынаецца ў сталічным ізалятары на завулку Акрэсціна, дзе журналістка Дар’я спрабуе атрымаць інфармацыю пра палітвязня Мікалая. Паралельна развіваецца гісторыя апазіцыянераў Рамана і Соф’і: іх самалёт пасля вылету з Афінаў прымушаюць прызямліцца ў Мінску, пасля чаго іх арыштоўваюць.
Далей у цэнтры падзеяў аказваецца міжнародная група хакераў і актывістаў, якая супрацьстаіць беларускім уладам. Дзякуючы расследаванню героі даведваюцца не толькі пра катаванні і рэпрэсіі, але таксама атрымліваюць план мінскага ізалятара. Журналістка Джэніс прыязджае ў Беларусь, каб знарок трапіць у ізалятар, адкуль перадае ўдзельнікам "Групы 9" звесткі для кібератакі. Хакеры выводзяць з ладу дзяржаўныя інфармацыйныя сістэмы, адключаюць у ізалятары электронную сістэму замыкання камер — і пачынаецца аперацыя па вызваленні вязняў.
У фінале палітвязні выходзяць з ізалятара на завулку Акрэсціна, у Беларусі развіваецца рух супраціву, тысячы людзей накіроўваюцца да мяжы. Прэзідэнт Лучын (так ён названы ў рамане) страчвае кантроль над сілавікамі і аказваецца ізаляваным у Палацы незалежнасці.
На сёння спіс "экстрэмісцкіх матэрыялаў" у Беларусі складае пералік на 2362 старонкі. Асобна Мінінфарм вядзе спіс кніг, якія, на думку чыноўнікаў, могуць прычыніць "шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь". У гэтым спісе ўжо налічваецца 258 найменняў.