"Гамельчуком года" назвалі начальніка непрацуючага пункта пропуску
Аляксандр Смаляк стаў "гамельчуком года" / Беларусь 4
Званне "гамельчукоў года" атрымалі 12 чалавек. У намінацыі "Адвага і доблесць" такое званне атрымаў начальнік аддзялення памежнага кантролю "Новая Гута" вайсковай часці 1242 Аляксандр Смаляк, заўважыла выданне "Флагшток".
Пункт памежнага кантролю "Новая Гута" знаходзіцца на мяжы з Украінай і не працуе ўжо чатыры з паловай гады — ад пачатку расійскага шырокамаштабнага ўварвання ва Украіну. Яно адбывалася ў тым ліку праз гэты пункт пропуску.
Чым Смаляк заслужыў званне "чалавека года", афіцыйна не патлумачылі. "Флагшток" мяркуе, што яго дасягненні палягаюць у тым, што праз "Новую Гуту" адбываецца абмен палоннымі паміж Расіяй і Украінай. Прапаганда ў Беларусі падае гэта як "міратворчую місію" дзяржавы.