IIHF абскардзіла ў CAS рашэнне пра допуск зборных Расіі да турніраў
Спроба пазбегнуць расколу і развалу / Reuters
Міжнародная федэрацыя хакею (IIHF) падала апеляцыю ў Спартыўны арбітражны суд (CAS) на рашэнне дапусціць расійскія зборныя да міжнародных спаборніцтваў. Пра гэта паведамілі выданні TSN і The Athletic са спасылкай на свае крыніцы.
Паводле дадзеных выданняў, пазоў заснаваны на тым, што двое з трох арбітраў CAS, якія прымалі рашэнне, не раскрылі інфармацыю аб дзелавых сувязях з Расіяй. Іншых падрабязнасцей не прыводзіцца.
Нагадаем, 30 кастрычніка CAS задаволіў апеляцыю Федэрацыі хакею Расіі на ліпеньскае рашэнне IIHF аб адхіленні зборнай, што азначае вяртанне краіны-агрэсара ў сусветны спорт.
У IIHF з рашэннем не пагадзіліся і заявілі, што неадкладнае вяртанне расійскіх хакеістаў звязана з цяжкасцямі: атрыманнем віз, забеспячэннем бяспекі, лагістыкай і змяненнем фармату спаборніцтваў.
Расійскія каманды былі адхілены ад турніраў IIHF пасля пачатку ўварвання Расіі ва Украіну ў 2022 годзе.
Пасля рашэння CAS зборныя шасці краін — Даніі, Латвіі, Нарвегіі, Фінляндыі, Чэхіі і Швецыі — адмовіліся гуляць з Расіяй на наступным чэмпіянаце свету ў Германіі.
Канада заявіла, што не дапусціць уезду ў краіну расійскіх спартсменаў і афіцыйных асоб на чэмпіянат свету сярод юніёраў незалежна ад наяўнасці дзейных віз.
Найбуйнейшыя спонсары турніру пагразілі сыходам, калі Расія згуляе на чэмпіянаце.
Чэмпіянат свету 2027 года павінен адбыцца з 14 па 30 мая ў Германіі. Дзве групы па восем зборных сфарміравалі вясной 2026 года без Расіі і Беларусі, расклад гульняў зацверджаны, а ў кастрычніку стартаваў продаж білетаў.
Паводле паведамленняў СМІ, пры дапуску Расіі арганізатарам, верагодна, давядзецца выключыць з турніру зборную з самым нізкім рэйтынгам — Украіну, якая адабралася на чэмпіянат упершыню з 2007 года.