Беларускі калій для Трампа: ці здольны Мінск стаць альтэрнатывай Канадзе
Калій / lookby.media
— Беларускі калій можа быць таннейшым за канадскі, але наўрад ці гэта цалкам зламае рынак альбо прывядзе да таго, што беларускі калій задамінуе, — кажа Еўрарадыё аглядальнік Reform.news Аляксей Жукаў.
Цікавасць Вашынгтона да беларускага калію ўжо пераходзіць ад заяў да рэальных паставак. У кастрычніку ў Новы Арлеан павінен прыбыць першы карабель прыкладна з 30 тысячамі тон хларыду калію. Гэта першая такая пастаўка ў ЗША пасля адмены амерыканскіх абмежаванняў на беларускі калій.
Дональд Трамп пры гэтым заявіў, што ЗША могуць купляць беларускі калій танней за канадскі. Але ці здольная Беларусь сапраўды стаць вялікім пастаўшчыком на амерыканскі рынак? Колькі калію яна можа туды накіраваць, якімі маршрутамі ён будзе ісці і дзе ў такой схеме ўзнікае эканамічны сэнс?
Беларусь не заменіць усю Канаду
Замяніць канадскі калій беларускім цалкам наўрад ці магчыма. І патрэбы амерыканскага рынку, і магчымасці беларускай вытворчасці маюць свае абмежаванні.
— Наўрад ці Беларусь зможа замяніць увесь аб'ём канадскага калію. Бо ёсць розныя ацэнкі таго, колькі калію патрабуюць Злучаныя Штаты. Так, буйнейшая канадская кампанія ў гэтай сферы — Nutrien — у сваіх справаздачах ацэньвае ўвесь рынак Паўночнай Амерыкі ў 10–12 мільёнаў тон. Але калі мы паглядзім на даныя мытнай статыстыкі Злучаных Штатаў, то атрымліваецца, што ў мінулым і пазамінулым годзе з Канады ў Штаты трапляла 11–12 мільёнаў тон, — адзначае Жукаў.
Акрамя Канады, ЗША атрымліваюць калій з Расіі, Ізраіля і іншых краін. Пры гэтым, паводле ацэнкі эксперта, непасрэднае спажыванне калію ў саміх ЗША складае каля шасці мільёнаў тон на год.
Частка імпарту, аднак, выкарыстоўваецца не непасрэдна на амерыканскіх палях. Калій можа трапляць на прадпрыемствы, дзе яго выкарыстоўваюць для вытворчасці комплексных угнаенняў, частка якіх пасля экспартуецца.
Гэта тлумачыць, чаму аб'ём імпарту можа быць значна большым за аб'ём унутранага спажывання.
Колькі можа даць Беларусь
Беларусь сама па сабе мае дастатковыя вытворчыя магутнасці, каб быць буйным гульцом на сусветным рынку. Але ўвесь гэты аб'ём не можа быць перанакіраваны ў ЗША: у Беларусі ўжо ёсць іншыя рынкі і доўгатэрміновыя камерцыйныя сувязі.
Аляксей Жукаў нагадвае, што да санкцый Беларусь ужо мела значныя пастаўкі ў ЗША. У 2016–2020 гадах амерыканская мытная статыстыка фіксавала ад 500 да 700 тысяч тон беларускага калію ў год.
— Можна казаць, што ў сярэднім па 600 тысяч тон угнаенняў траплялі ў Злучаныя Штаты з Беларусі. Тэарэтычна можна казаць пра тое, што Трамп можа купіць у Беларусі, напрыклад, да двух мільёнаў тон, калі мець на ўвазе тую здзелку, пра якую казаў Лукашэнка. На мой погляд, гэта самае большае, што можа прайсці ў Злучаныя Штаты, бо ёсць іншыя рынкі і партнёры, звязаныя з Беларуссю не толькі эканамічнымі, але і палітычнымі сувязямі.
У першую чаргу гаворка ідзе пра Кітай, Індыю і Бразілію. Для Мінска гэта не проста рынкі збыту, але і важныя палітычныя партнёры.
— Наўрад ці Лукашэнка хоча нічога не пастаўляць у Кітай; ёсць яшчэ Індыя, Бразілія. Усё гэта важныя краіны, і стасункі з імі шмат у чым будуюцца якраз на калійных угнаеннях, — падкрэслівае эксперт.
Вяртанне да 600 тысяч тон выглядае больш рэалістычным
Таму найбольш рэалістычным сцэнарыем Жукаў лічыць не замену канадскіх паставак, а вяртанне Беларусі на амерыканскі рынак у ранейшых аб'ёмах.
— Але, я паўтару, найбольш верагодным будзе тое, што Беларусь зможа паставіць у Злучаныя Штаты каля 500–600 тысяч тон, бо столькі ўжо пастаўлялася. І тады Злучаныя Штаты былі шостай краінай па аб'ёмах паставак пасля Кітая, Бразіліі, Малайзіі і Інданезіі (таксама вялікія аб'ёмы ішлі ва Украіну і іншыя краіны), — кажа ён.
На фоне ўсяго амерыканскага рынку гэта не выглядае буйным аб'ёмам. Але яго значэнне можа быць не толькі ў колькасці.
— Адміністрацыя Трампа і сам Трамп — бізнесмен, таму для яго важныя эканамічныя здзелкі. І калі адкінуць палітычнае, што можа прапанаваць Лукашэнка? Якраз калій. І ўжо можна сказаць, што Трамп ад гэтага штосьці выйграў, бо зрабіў гэты твіт, а можа, за гэтым твітам больш нічога і не будзе.
Першая партыя ў 30 тысяч тон таму важная не сваім маштабам. Яна паказвае, што пасля некалькіх гадоў санкцый канал паставак беларускага калію ў ЗША сапраўды пачынае аднаўляцца.
А вось ці ператворыцца гэты сімвалічны груз у 500–600 тысяч тон, мільён ці нават два мільёны тон у год — будзе залежаць ужо ад цаны, лагістыкі і, галоўнае, ад таго, што Вашынгтон і Мінск атрымаюць адзін ад аднаго ў рамках новай здзелкі.