Беларуса, які правёў 73 дні ў коме, не дэпартуюць з Чэхіі
Якаў Кудзелевіч у шпіталі / асабісты архіў
Чэшскі суд пастанавіў даць міжнародную абарону Якаву Кудзелевічу, які 73 дні правёў у коме.
"Чэшскі суд абвясціў рашэнне аб апеляцыі на адмову ў міжнароднай абароне майму сыну Якаву. Рашэнне на нашу карысць!" — напісаў бацька хлопца Дзмітрый Кудзялевіч.
На пачатку года Якаў Кудзялевіч падаўся на міжнародную абарону, але атрымаў адмову ад МУС Чэхіі. У красавіку хлопца знайшлі ў непрытомным стане ў пакоі ў прыёмным цэнтры для мігрантаў, якія хадайнічаюць аб міжнароднай абароне. Дактары кажуць, што Якаў прыняў шэраг медпрэпаратаў і правёў без дапамогі каля сутак. Хлопца тэрмінова перавезлі ў шпіталь.
2 ліпеня хлопец выйшаў з комы.
Якаву Кудзелевічу 23 гады. Ён з'ехаў з Беларусі пасля пратэстаў 2020 года — у 17 гадоў. Вучыўся ва ўніверсітэце ў Астраве, планаваў працягнуць адукацыю ў Празе.