Беларусь не падтрымала рэзалюцыю ААН супраць гвалту ў адносінах да жанчын

Гвалт, ілюстрацыйнае фота

Гвалт, ілюстрацыйнае фота

Беларусь не падтрымала рэзалюцыю ААН супраць гвалту ў адносінах да жанчын, хаця за яе прагаласавалі аж 175 краінаў.

Прадстаўнік Беларусі падчас галасавання ўстрымаўся, як і дыпламаты з Расіі, ЗША, Аргенціны, Буркіна-Фасо і Камеруна.

Толькі адна краіна прагаласавала супраць — Самалі.

Прадстаўнік Беларусі заявіў, што Мінск не падтрымлівае рэзалюцыю ў яе цяперашнім выглядзе праз спрэчныя фармулёўкі, якія "адлюстроўваюць інтарэсы толькі асобных арганізацый":

"Мы глыбока расчараваныя тым, што рэзалюцыя зноў выкарыстоўваецца як інструмент прасоўвання спрэчнага парадку дня, уключна з палажэннем пра гендарную ідэалогію, сэксуальную аўтаномію дзяўчынак, усёабдымную сексуальную адукацыю, аборты і перагляд традыцыйных падыходаў да пытанняў сям'і.

Лічым непрымальным патрабаванне прыняцця ўсімі дзяржавамі заканадаўства ў дачыненні да так званых гендарна абумоўленых забойстваў без належнага ўліку нацыянальных прававых сістэм і існуючых падыходаў".

Ён дадаў, што Беларусь будзе трактаваць палажэнні рэзалюцыі ў адпаведнасці са сваім нацыянальным заканадаўствам.

Прынятая рэзалюцыя прысвечаная прадухіленню і выкараненню ўсіх формаў гвалту ў адносінах да жанчын і дзяўчынак. Дакумент заклікае дзяржавы не толькі расследаваць выпадкі гвалту ў адносінах да жанчын, але і ліквідаваць яго прычыны.

Беларусь не падтрымала рэзалюцыю ААН супраць гвалту ў адносінах да жанчын

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.