Дзяржаўныя органы РБ сістэматычна парушаюць правы чалавека — эксперты ААН

Затрыманне, архіўнае фота

Затрыманне, архіўнае фота / TUT.by

Дзяржаўныя органы лукашэнкаўскага рэжыму сістэматычна займаюцца парушэннем правоў чалавека. Пра гэта гаворыцца ў дакладзе незалежных незалежных экспертаў ААН "Удзел дзяржаўных інстытутаў Рэспублікі Беларусь у парушэннях правоў чалавека ў крымінальным працэсе".

Аўтары на прыкладзе рэальных гісторый паказваюць, як сілавікі і суды парушаюць правы чалавека на ўсіх стадыях працэсу — ад моманту затрымання да пераследу пасля вызвалення. Яны называюць наступныя органы: 
— падраздзяленні Міністэрства ўнутраных спраў (Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй, міліцыя і Дэпартамент выканання пакаранняў),
— Камітэт дзяржаўнай бяспекі,
— Следчы камітэт,
— Генеральная пракуратура,
— суды.

Аўтары дакладу апісваюць, як у следчых ізалятарах затрыманых утрымлівалі ў бесчалавечных умовах, у перапоўненых камерах, якія часам кішэлі прусакамі ды мышамі.

"Адзін з пацярпелых расказаў, што ў следчым ізалятары "Амерыканка", у якім ён утрымліваўся ў 2023 годзе, супрацоўнікі КДБ пагражалі перадаць яго групе "Вагнер", змясціць яго ў камеру са зняволенымі з нізкім сацыяльным статусам, затрымаць ягоную жонку і адправіць ягоную дачку ў прытулак", — гаворыцца ў дакладзе.

Аўтары згадваюць парушэнне права на справядлівае разбіральніцтва ў судах і сістэматычны пераслед адвакатаў: некаторых пазбавілі ліцэнзій, а іншых — затрымалі. Падчас судоў суддзі сістэматычна адхілялі хадайніцтвы абароны і задавальнялі амаль усе хадайніцтвы пракурораў. Амаль усе судовыя працэсы заканчваліся абвінаваўчым прысудам.

У месцах зняволення людзей, асуджаных па палітычных матывах, прымушалі насіць жоўтую бірку на грудзях і жоўты трохкутнік на плячы, забаранялі ўдзельнічаць у адукацыйных і культурных мерапрыемствах, хадзіць у спартзалу і наведваць рэлігійныя службы. Ім не дазвалялі браць кнігі на замежных мовах з турэмных бібліятэк.

У дакладзе апісваюцца бесчалавечныя ўмовы ўтрымання для "палітычных": "У камерах была надзвычай высокая вільготнасць, дрэнная вентыляцыя, і ў іх было холадна нават у чэрвені, вільготныя сцены былі пакрытыя цвіллю і грыбком, вада сцякала па паверхнях, а вокны, пакрытыя пластыкам, перашкаджалі пранікненню натуральнага святла.

У штрафных ізалятарах адміністрацыя пенітэнцыярных устаноў не давала матрацаў і коўдраў для затрыманых, якім даводзілася спаць на ложках з фанеры з тоўстым жалезным каркасам. Яны знаходзіліся ва ўмовах надзвычай нізкіх тэмператур, што істотна пагаршала іх магчымасць спаць".

Пасля вызвалення рэпрэсіі не заканчваліся. Шмат каму прызначалі прэвентыўны нагляд на тэрмін ад шасці месяцаў да двух гадоў. Сілавікі з ГУБАЗіКа, міліцыі і КДБ па некалькі разоў на тыдзень наведваюць вызваленых (у тым ліку ўначы), выклікаюць на допыты і тэлефануюць ім.

Пры гэтым у Беларусі існуе ўстойлівая практыка абароны сілавікоў ад прыцягнення да адказнасці, кажуць эксперты ААН. Яны адзначаюць сістэматычнае неправядзенне расследаванняў, непрыцягненне да крымінальнай адказнасці і пакарання за парушэнні правоў чалавека, учыненыя з часу прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.

Група экспертаў парэкамендавала дзяржавам-сябрам ААН:
— забяспечыць міжнародную ўцякацкую абарону пацярпелым і сведкам парушэнняў правоў чалавека, якія ўцяклі з Беларусі ці былі прымусова выправаджаныя з яе;
— ініцыяваць судовыя разбіральніцтвы супраць меркаваных вінаватых у парушэнні правоў чалавека ў адпаведнасці з экстэрытарыяльнай і ўніверсальнай юрысдыкцыяй;
— у першачарговым парадку вылучаць фінансаванне арганізацыям, якія збіраюць дакументы па сур'ёзных парушэннях правоў чалавека.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.