Звесткі пра пасажыраў, якія едуць за мяжу, будуць збіраць у адзіную базу
Аўтобус, ілюстрацыйнае фота / Grenadier_Thomas, fotobus.msk.ru
У Беларусі звесткі пра пасажыраў аўтобусаў, якія едуць за мяжу, будуць перадавацца ў адзіную дзяржаўную інфармацыйную сістэму. Аўтаперавозчыкі будуць уносіць туды прозвішча, імя, імя па бацьку пасажыра, пол, дату нараджэння, даныя пра грамадзянстве, а таксама назву, нумар і тэрмін дзеяння дакумента, на падставе якога набыты квіток.
Доступ да звестак будуць мець памежнікі, а таксама органы, якія ажыццяўляюць аператыўна-вышуковую дзейнасць. Новыя патрабаванні набудуць моц 1 кастрычніка 2027 года. Пастанова Мінтранса пра гэта апублікаваная 9 верасня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Дакумент датычыцца таксама пасажыраў самалётаў і цягнікоў. Авіяперавозчыкі будуць перадаваць інфармацыю ў аўтаматызаваную інфармацыйную сістэму персанальных даных пасажыраў паветраных суднаў, а чыгуначнікі — у адзіную міждзяржаўную аўтаматызаваную сістэму кіравання, браніравання, продажу білетаў і кантролю за пасажырскімі перавозкамі на чыгуначным транспарце.