Жонка прапагандыста Тура шукае для дачкі рэпетытара па матэматыцы
Дачка Ігара Тура / фота са старонкі Ксеніі Тур у Інстаграме
Жонка прапагандыста Ігара Тура тэрмінова шукае для дачкі рэпетытара па матэматыцы. Пра гэта яна напісала на сваёй старонцы ў Інстаграме, заўважыла "Наша Ніва".
Дзяўчынка вучыцца ў 4-м класе ў школе ў Астрашыцкім Гарадку. Сярод яе аднакласнікаў — сын прыдворнага кампазітара Яўгена Алейніка.
Ксенія Тур расказала, як да позняй ночы рабіла з дачкой хатнія заданні. Справіцца з рускай мовай яна змагла, а з матэматыкай — не.
"Сітуацыя… Шукаем рэпетытара па матэматыцы ў анлайн-фармаце! Бацькі адэкватныя, дачка яшчэ лепей", — напісала жонка прапагандыста і дадала пазнаку SOS.
Дарэчы, міністр адукацыі Андрэй Іванец нядаўна рэзка крытыкаваў рэпетытараў і казаў, што школьнікам яны непатрэбныя. Асабліва рэзка крытыкаваў ён бацькоў, у якіх дзеці ходзяць у малодшую школу: "Калі тата ці мама не ў стане рашыць задачу па матэматыцы чацвёртага класа, значыць, у бацькоў нешта пайшло не так".