У Беларусі ўводзяць жорсткія меры за неплацяжы за энергарэсурсы
ЦЭЦ у Мінску / LookByMedia
Саўмін Беларусі прыняў пастанову № 538, якая ўводзіць новы рэгламент прымусовага ўздзеяння на даўжнікоў і ўзмацняе персанальную адказнасць за аплату газу, электрычнасці і цеплавой энергіі.
Калі прадпрыемства не забяспечвае 100-працэнтную аплату па выніках квартала, то кіраўнікі арганізацый-даўжнікоў пазбаўляюцца ўсіх відаў прэмій і ўзнагарод. З'яўленне запазычанасці цягне за сабой прымусовыя абмежаванні паставак энергіі для спажыўцоў-даўжнікоў.
Абмежаванне або спыненне падачы энергарэсурсаў не распаўсюджваецца на ўстановы аховы здароўя, адукацыі, сацыяльнага абслугоўвання, суды, армію, органы ўнутраных спраў, мытню, КДБ і Беларускую чыгунку.
Поўнае спыненне падачы энергарэсурсаў забаронена для жылога фонду і аб'ектаў водазабеспячэння і каналізацыі.
Чаму з'явілася гэта пастанова?
Прыняццю гэтага дакумента папярэднічаў зацяжны крызіс неплацяжоў за энергарэсурсы з боку беларускіх прамысловых гігантаў і аграрамысловага комплексу, які доўжыцца ўжо не першы год.
Як раней пісала Еўрарадыё са спасылкамі на дакументы, перададзеныя рэдакцыі арганізацыяй BELPOL, да пачатку 2026 года запазычанасці за газ, электраэнергію і цяпло за 2025 год масава перайшлі ў новы перыяд.
Па стане на 26 студзеня 2026 года аплата за студзеньскі газ па краіне склала толькі 50,7%, а за электрычнасць і цяпло — 78,2%. Сярод даўжнікоў апынуліся валаўтваральныя гіганты: МТЗ, БМЗ, "Гомсельмаш", Мінскі падшыпнікавы завод, "Гомельшкло", цэментныя заводы, "Камволь" і "Магатэкс".
Папярэднія спробы ўздзеяння на даўжнікоў у выглядзе пагроз скараціць пастаўкі газу на 25% не далі выніку — графікі зрываліся, а даўгі працягвалі расці.