За што Лукашэнка апраўдваўся ў Маскве? Лойка і Махоўскі абмеркавалі ў новым шоу
У Крамлі ўжо ёсць "пытаннечкі" да Лукашэнкі? / euroradio.fm
Падчас апошняга візіту ў Маскву Аляксандру Лукашэнку давялося даводзіць і да расійскага прэм'ера Мішусціна, і да Пуціна, што ён вельмі карысны партнёр і дапамагае як можа.
"Ён ужо ўсім сказаў: "я ж раблю ўсё, што магу". З тонкім намёкам, што, калі ласка, таварышы, і давайце мне не нагадваць пра нашы нейкія брацкія абавязацельствы. Ды і грошы я аддаваць дакладна не планую, асабліва датэрмінова, прабачце", — выказалася рэдактарка выдання "План Б" Вольга Лойка ў эфіры шоу "І што?" на ютую-канале Еўрарадыё.
Сувядоўца шоу, аглядальнік газеты "Беларусы і рынак" Андрэй Махоўскі дадаў:
"Гэта цікавы быў візіт, бо яму два разы давялося даказваць, спачатку Мішусціну, а потым Пуціну: "ў вас да мяне няма ніякіх прэтэнзій. Вы можа не ў курсе, але ў вас няма да мяне прэтэнзій. У вас не можа быць да мяне прэтэнзій, асабліва па бензіну".
Па словах Махоўскага, гэта было падобна на псіхатэрапію.
"А я так разумею, што, ну, прэтэнзіяў можа і няма, а нейкія пытаннечкі ўжо ўсё ж такі і з’яўляюцца", — дадае ён і ўдакладняе, што гаворка найперш ідзе пра планавы рамонт "Нафтана".
Падрабязней пра гэта, а таксама пра праблемы ў эканоміцы Расіі, наступствы аперацыі MMs для Беларусі і не толькі глядзіце ў першым выпуску "І што?". А наступны раз пабачымся праз два тыдні!