Яшчэ адзін культурніцкі праект забаранілі ў Мінску
На сустрэчы з аніматарам Міхаілам Тумелем у межах праекта Сяргея Філіпава / фота з сацсетак
Пад забарону трапіла публічная культурна-асветніцкая дзейнасць мастака Сяргея Філіпава. Яму не дазваляюць больш праводзіць творчыя сустрэчы і лекцыі ў Мінску, піша Reform.
Цягам апошняга года Філіпаў быў куратарам асветніцкага праекта, у рамках якога ладзіліся сустрэчы з вядомымі беларускімі дзеячамі культуры і краязнаўцамі. Агулам адбылося каля двух дзясяткаў імпрэзаў на шасці розных пляцоўках (у тым ліку ў Мінскай абласной бібліятэцы імя Пушкіна).
Сяргей Філіпаў — пісьменнік, мастак і дзеяч культуры. Аўтар кніг і публікацый пра гісторыю Мінска, гарадскі быт і нефармальныя субкультуры 1970-х – 1980-х гадоў. Таксама ён быў адным з піянераў рэкламнай справы ў Беларусі.