Віцебскія міліцыянты зноў правяраюць людзей з базы "Беспарадкі"
Міліцыянт, ілюстрацыйнае фота / ostrovets.by
У Віцебску міліцыянты прыходзяць дамоў да людзей, якіх прыцягвалі да адказнасці за ўдзел у вулічных пратэстах 2020 года. У іх правяраюць месца прапіскі і тэлефоны, паведамляюць праваабаронцы з "Віцебскай Вясны".
Ужо вядома некалькі выпадкаў, калі пасля такіх праверак на людзей пачыналі адміністрацыйныя справы па абвінавачанні ў "распаўсюдзе экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыі" (арт. 19.11 КаАП). Віцяблянаў чакаюць суды і магчымыя штрафы ці арышты.
Базу "Беспарадкі" стварылі па даручэнні Аляксандра Лукашэнкі пасля масавых пратэстаў у жніўні 2020 года для кантролю, уліку і збору статыстыкі. Афіцыйная назва — "Адзіная інфармацыйная сістэма ўліку ўдзельнікаў акцый пратэсту". У гэтую базу ўносяць звесткі пра затрыманых ці проста ідэнтыфікаваных на акцыях пратэсту. Пераважна ў базу "Беспарадкі" трапляюць людзі, асуджаныя па адміністрацыйных артыкулах (раней артыкул 23.34, цяпер — 24.23 КаАП РБ), а таксама адміністратары і ўдзельнікі лакальных тэлеграм-каналаў.