Раніца без Лукашэнкі: што будзе, калі дыктатар уцячэ?
Вось некалькі магчымых варыянтаў. Вывучаем досвед Сірыі, Венесуэлы і Філіпінаў / Euroradio
Калі зрынулі Башара Асада, на сірыйскіх вуліцах пачалі падаць помнікі, узведзеныя ў гонар яго бацькі. Калі зрынулі Нікаласа Мадуру, у моду ўвайшоў спартыўны касцюм, у якім венесуэльскага дыктатара сфатаграфавалі ў амерыканскім верталёце. У першы дзень многія сірыйцы і венесуэльцы дазволілі сабе проста радавацца.
“Я ніколі не адчуваў сябе такім расслабленым”, — сказаў сірыйскі акцёр і рэжысёр Шэхаб Фатум, калі даведаўся, што Асад уцёк у Маскву.
А калі ЗША вывезлі Мадуру, Габрыэла Рамірэс патэлефанавала дадому, і яны з дзядулем адзначылі ад’езд дыктатара, выпіўшы рому па відэасувязі.
Але што было далей?
— Вось уявіце, што гэта адбываецца ў Беларусі, — прапануе сірыйская журналістка Холуд Хельмі. — Дапусцім, сёння прэзідэнт Беларусі вырашае пакінуць краіну і ўцячы ў Расію… Заўтрашняя раніца наўрад ці будзе вельмі прыемнай.
Еўрарадыё зняло фільм “Раніца без дыктатара”. Далучайцеся да сумеснага прагляду са Святланай Ціханоўскай.
Уявіце: дыктатар уцёк у Маскву ад людзей з аўтаматамі
— Калі ты зразумеў, што жывеш у дыктатуры?
Шэхаб смяецца. Беларускі і сірыйскі кантэксты вельмі розныя, але яму здаецца, што я яго зразумею.
— Напэўна, мне было гадоў пяць. Пры ўладзе тады быў старэйшы Асад (Хафез). У школе ладзілі нейкае свята, і мне далі яго фатаграфію. Я быў такі рады: на свяце было весела, гучала музыка… Я пайшоў дадому з гэтым фотаздымкам старэйшага Асада.
І памятаю позірк бацькі. Ён убачыў партрэт — і адразу забраў яго. Я быў тады дзіцем. Зразумеў, што нешта не так, але не ведаў, што менавіта.
Больш я таго фотаздымка не бачыў. На наступны дзень спытаў: “Мама, а дзе фота? Я хачу фота!” Мама адказала: “Ведаеш, тата схаваў яго да наступнага года…” Думаю, насамрэч ён проста яго знішчыў.
Вось як Шэхаб апісвае сітуацыю ў краіне напярэдадні пратэстаў, якія зменяць Сірыю:
— У нас быў хлеб, але не было годнасці. І калі пераступіш рысу — ты труп.
Каб вярнуць сабе годнасць, у 2011 годзе людзі выйшлі на вуліцы. Сярод іх быў брат журналісткі Холуд Хельмі — Ахмед. Калі пачаліся пратэсты, ён працаваў над сваёй магістарскай дысертацыяй па макраэканоміцы ва ўніверсітэце Дамаска. Ён ніколі яе не скончыць.
— Гэта быў пачатковы этап пратэстаў: людзі патрабавалі дэмакратыі, змены рэжыму і выбараў, — распавядае Холуд.
Яна падкрэслівае: яе брат займаўся выключна гуманітарнай дзейнасцю — дапамагаў бежанцам і ўнутрана перамешчаным асобам.
— Але за ім пачалі сачыць. На момант затрымання Ахмед ужо рэдка начаваў дома. Ён прыходзіў на некалькі гадзін, а ўвесь астатні час хаваўся. Думаю, у адну з тых начэй, калі ён вярнуўся дадому, нехта данёс на яго.
Трыццаць чалавек уварваліся ў дом, правялі ператрус, схапілі майго брата, пагражалі маёй маці і майму бацьку, што пасякуць яго на кавалкі. Адзін з іх супакойваў: ды не, гэта проста допыт, усё зойме гадзіну — і ён вернецца дадому. Але брат больш ніколі не вярнуўся.
Чатырнаццаць гадоў мы шукалі яго паўсюль. І толькі калі рэжым Асада паў і турмы адкрыліся, мы зразумелі, што Ахмеда забілі пад катаваннямі. Мы дагэтуль не ведаем падрабязнасцей. Хто яго забіў, чаму, дзе яго цела…
Праз паўгода мірныя пратэсты перараслі ў грамадзянскую вайну, якая доўжылася 14 гадоў. За гэты час загінулі больш за 650 тысяч чалавек, многія зніклі без вестак. Рызыкуючы жыццём, за гэтыя гады Сірыю пакінулі каля 16 мільёнаў чалавек.
— Калі я з’язджала з Сірыі ў Ліван, я расплакалася. Але калі ляцела з Лівана ў Егіпет, у мяне здарылася панічная атака, — распавядае нам Холуд. — Нібыта пералёт — гэта ўжо іншы ўзровень страты сувязі са сваёй краінай. У Ліван я ехала на машыне, і першыя шэсць месяцаў мяне не пакідала адчуванне, што ў любы момант нехта зможа адвезці мяне назад у Сірыю. Але той пералёт у Егіпет… Цяпер, каб вярнуцца дадому, мне ўжо трэба было б ляцець. З таго часу я шукала адчуванне дому ў кожным месцы, дзе апыналася. Але нідзе не было дому.
Шэхаб быў адным з тых, хто пакідаў краіну самым небяспечным шляхам — морам.
Для сотняў сірыйскіх бежанцаў шлях у Еўропу праз Міжземнае мора стаў смяротным.
— Памятаю пляж. Першая гадзіна ночы.
— Ночы? — перапытваю я.
— Так, першая гадзіна ночы. Я стаю на пляжы. Чуваць шум мора. І ў галаве адна думка: што я раблю? Я ж нават плаваць не ўмею! Я агледзеўся. Вакол ляжала мноства чыёйсьці вопраткі, абутку, дакументаў… А я нават не ведаў, ці жывыя людзі, якім належалі гэтыя рэчы, ці дабраліся яны да іншага берага. І так, было вельмі, вельмі страшна. Але я азірнуўся назад і ўспомніў, навошта я тут. І вырашыў: добра, давай паспрабуем.
Сям’я Башара Асада кіравала Сірыяй больш за 50 гадоў. А ў 2024 годзе ўсё змянілася. Адбылося нешта амаль неверагоднае: усяго за 11 дзён паўстанцы дайшлі ад Ідліба да Дамаска і амаль не сустрэлі супраціву. Цяпер у Сірыі новы прэзідэнт — часовы.
Ахмед аш-Шараа — былы лідар групоўкі “Джабхат ан-Нусра”. Яшчэ два гады таму аш-Шараа быў у спісе тэрарыстаў, а ЗША абяцалі 10 мільёнаў долараў за звесткі пра яго месцазнаходжанне. Цяпер жа прэзідэнт ЗША Дональд Трамп называе яго прывабным, цвёрдым лідарам з бурным мінулым. Сёння аш-Шараа знаходзіцца ў палацы ў Дамаску, які яшчэ дзед Башара Асада пабудаваў. Сам жа Асад — у Маскве.
Неўзабаве пасля таго, як Башар Асад паразмаўляў па тэлефоне з Уладзімірам Пуціным, мы патэлефанавалі Шэхабу. Тады, у 2024 годзе, ён сказаў, што гатовы вярнуцца ў Сірыю хоць пешшу.
— Усё жыццё я адчуваў сябе так, нібы цягну за сабой велізарную скалу, нашу яе, як заплечнік, куды б ні пайшоў. А ў той момант, калі я пачуў навіны, мне здалося, што гэтая скала проста знікла. Я стаў свабодным.
Вядома, Шэхаб не пайшоў у Сірыю пешшу — ён прыляцеў у Ліван. Адтуль ён мог даехаць да сірыйскай мяжы, перасекчы яе, апынуцца дома, прыйсці на магілу бацькі, які памёр, пакуль Шэхаб жыў у Германіі. Ён дакладна ведаў, што Асада ў Сірыі больш няма, — але не мог пераканаць у гэтым уласнае цела.
— Яно, цела, не магло прыняць, што я магу перайсці мяжу. А што, калі Асад усё яшчэ там? Мне было вельмі страшна, разумееш? Як мне пераканаць сваё цела, што ўсё гэта знікла? Што ўвесь страх, увесь стрэс — ужо ў мінулым?
Шэхаб зняў фільм пра гэтае падарожжа і паказаў яго на кінафестывалі ў нямецкім Обергаўзене. Маці Шэхаба шмат гадоў не была ў Сірыі. Тут, на фестывалі, яна нарэшце ўбачыла свой дом хаця б на экране. Убачыла, як сын адчыняе дзверы, якія даўно ніхто не адчыняў, і яны не адразу паддаюцца. Потым ён сядзіць на пустой кухні. Потым ляжыць на падлозе ў пакоі, дзе ўжо няма мэблі.
Шэхаб называе гэтую кароткаметражную стужку “гісторыяй пра сапраўднага Адысея”. Адысей вяртаецца дадому і не пазнае свой палац. Адысеем Шэхаба называў яго бацька.
— Гэта гісторыя пра мяне, але яна вельмі ўніверсальная. Яна можа быць пра каго заўгодна, хто перажыў тое, што перажыў я. Гэта можа быць любы сірыец, іранец або ўвогуле любы чалавек, якога прымусілі пакінуць родны горад. І які не мае магчымасці вярнуцца.
Асад пакінуў Сірыю, але Шэхаб усё роўна не вярнуўся дадому назаўсёды. Бо ні страх, ні стрэс для сірыйцаў дагэтуль не засталіся ў мінулым.
Калі Шэхаб прыляцеў у Ліван і рыхтаваўся перасекчы мяжу з Сірыяй, у краіне адбылася разня. Потым былі яшчэ некалькі маштабных усплёскаў міжканфесійнага гвалту. Таму ўзнікае пытанне: ці зможа новы харызматычны прэзідэнт “з бурным мінулым” утрымаць мір, здабыты такой высокай цаной? Яму яшчэ трэба будзе аднавіць напалову разбураную краіну, дзе ёсць сем’і, якія паўгода не бачылі на стале курыцы, а электрычнасці ў доме — паўтара года.
Разбураны не толькі будынкі, але і дзяржаўныя інстытуты.
— На другі дзень пасля падзення рэжыму ў мяне бралі інтэрв’ю. Тады я сказала, што нават калі б д’ябал прыйшоў кіраваць Сірыяй, гэта было б лепш, чым пры Асадзе, — распавядае Холуд. — Бо ніхто не змог бы зрабіць для Сірыі столькі дрэннага, колькі зрабіў Асад. Гэта была мая першая думка. Але што адбылося праз паўтара года? Амаль нічога. Мы рухаемся да ўсяго вельмі маленькімі крокамі. І сапраўдных крокаў у бок пабудовы грамадзянскіх інстытутаў у Сірыі пакуль так і не было зроблена.
У сярэдзіне ліпеня, калі мы рыхтавалі гэты фільм, новы парламент Сірыі нарэшце правёў першае ў сваёй гісторыі пасяджэнне.
Але Шэхаб кажа адкрыта: для яго новая ўлада ў Сірыі — горшая за рэжым Асада. Яго сяброўка расказвае, што ніколі не вернецца дадому. На пытанне "Чаму?" адказвае коратка: “Праз джыхадзістаў”.
Гаворка ў тым ліку пра новага прэзідэнта Сірыі. Шмат гадоў яго ведалі пад псеўданімам аль-Джулані. У прэзідэнцкі палац ён прыйшоў літаральна з палаткі палявога камандзіра. Але незадоўга да звяржэння Асада аль-Джулані адмовіўся ад імя, якое звязвала яго з джыхадзісцкім мінулым. Цяпер ён выкарыстоўвае сваё сапраўднае імя — Ахмед аш-Шараа. Ён сустракаецца з сусветнымі лідарамі, у тым ліку заходнімі. Некаторыя з іх асабліва красамоўна яго хваляць — той жа Трамп.
Але многія сірыйцы ўсё роўна не адчуваюць сябе ў бяспецы. У фільме Шэхаба амаль няма твараў — ён паказвае толькі рукі сваіх суразмоўцаў, бо баіцца за іх бяспеку. І ён мае рацыю, калі кажа, што, нягледзячы на розніцу ў кантэксце, беларусы яго зразумеюць.
Калі яна з’язджала з Венесуэлы, сябры папрасілі яе не забываць, якім было яе жыццё там. Пра тое жыццё ёй нагадваюць арэпас і музыка — найперш сальса.
Габрыэла не была дома з лета 2024 года — тады яна асвятляла выбары ў Венесуэле. Улады спрабавалі перашкодзіць шматмільённай дыяспары ўдзельнічаць у іх: прагаласаваць за мяжой маглі толькі тыя, хто ўжо меў пастаянны від на жыхарства або статус бежанца ў новай краіне. Усіх астатніх, каб прыняць удзел у выбарах, заклікалі вярнуцца дадому. Тое самае ў 2022 годзе ўпершыню зрабіў і беларускі рэжым, калі не дазволіў дыяспары прагаласаваць на рэферэндуме. А потым беларусаў, якія жывуць за мяжой, не запрасілі і на прэзідэнцкія выбары. Тыя, хто хацеў прагаласаваць, павінны былі вярнуцца ў краіну.
Многія венесуэльцы, дарэчы, сапраўды вярнуліся, каб прагаласаваць супраць Мадуры. Габрыэла пісала пра тое, як венесуэльцы куплялі дарагія авіябілеты і ляцелі на выбары за тысячы кіламетраў. Сама яна ў той момант была прыкладна за 8 тысяч кіламетраў ад дома — але таксама села ў самалёт.
Тыя выбары нічога не змянілі: Нікалас Мадура абвясціў пра сваю перамогу над апанентам Эдмунда Гансалесам. Тысячы венесуэльцаў выйшлі на вуліцы, каб выступіць супраць Мадуры. Гэта таксама нічога не змяніла. Праз год пасля тых пратэстаў лідарка апазіцыі Марыя Карына Мачада атрымала Нобелеўскую прэмію міру — але і гэта нічога не змяніла.
А потым наступіў новы 2026 год.
Трэцяга студзеня Габрыэлу разбудзіў званок ад бацькоў. У Берліне, дзе яна жыве, было 8 раніцы, а ў Каракасе — 2 гадзіны ночы. Бацькі Габрыэлы казалі, што чуюць выбухі і што неба над горадам патрулююць ваенныя самалёты.
— Але венесуэльцы дагэтуль задаюцца пытаннем: калі мы ўбачым рэальны пераход улады, на які людзі разлічвалі і які святкавалі 3 студзеня, калі пабачылі Мадуру ў аранжавым камбінезоне? Думаю, цяпер мы ўжо разумеем, што гэты працэс зойме больш часу, чым мы спадзяваліся.
Цяпер Венесуэлай кіруе Дэльсі Радрыгес — пры адміністрацыі Мадуры яна займала пасаду віцэ-прэзідэнткі. Кожнае палітычнае рашэнне, якое прыняла Дэльсі, было прамым указам ЗША і адміністрацыі Трампа, тлумачыць Габрыэла.
— Пакуль рэальнасць такая: нічога не змянілася. Спытайце любога венесуэльца — і вам скажуць: адзіная розніца ў тым, што Мадура больш не ў краіне. А ў астатнім — нічога не змянілася. Больш за шэсцьсот палітычных зняволеных усё яшчэ застаюцца ў няволі. І дагэтуль няма яснасці, калі мы зможам правесці выбары.
Радрыгес правяла касметычныя перастаноўкі ва ўрадзе. Напрыклад, паплечніка Мадуры, міністра абароны Уладзіміра Падрыну Лопеса, зрабілі міністрам сельскай гаспадаркі. А яго пасаду заняў былы разведчык Густава Гансалес Лопес, які знаходзіцца пад санкцыямі Еўрасаюза за парушэнні правоў чалавека. Адным словам, старыя людзі атрымалі новыя пасады — вось і ўсе змены.
— Не было судовага працэсу ні па адным са здзейсненых імі злачынстваў. Так, яны сышлі са сваіх пасад, але гэта не сапраўднае правасуддзе. І, вядома, венесуэльцы не вераць гэтаму рэжыму і не забываюць, што ён зрабіў з людзьмі: як гэты рэжым затрымліваў і як катаваў.
“Абноўлены” рэжым паспрабаваў дыстанцыявацца ад Мадуры. Не тое што “пераабуўся” — некаторыя чыноўнікі літаральна “пераапрануліся”.
— За гэтым неверагодна назіраць. У першыя дні пасля таго, як Мадура пакінуў краіну, гэтыя людзі выступалі за яго вызваленне. А што яны сказалі праз тры месяцы? “Хто такі Мадура? Мы яго не ведаем!” Больш за тое, яны больш не носяць чырвоныя футболкі — цяпер яны ходзяць у белым і блакітным, а гэта заўсёды былі колеры апазіцыі. Адным словам, яны цяпер праходзяць праз працэс рэбрэндынгу.
Большасць людзей скажа вам, што ўмяшанне ЗША мела станоўчы ўплыў, бо ў Венесуэле нічога не мянялася трыццаць гадоў. Гэта праўда. Але таксама праўда, што калі гэты момант не выкарыстаць правільна, усё можа скончыцца правалам.
Мы размаўляем у берлінскай кватэры Габрыэлы. На падаконніку за яе спінай стаіць зялёная пластыкавая цацка — перынола. Гэта сувенір з апошняй паездкі дадому ў тым самым 2024 годзе, калі яна паляцела асвятляць выбарчую кампанію.
— Да выбараў заставаўся тыдзень. Памятаю, я выйшла на Сабана Грандэ — гэта папулярнае месца, куды людзі ходзяць на шопінг. Там я сустрэла дзевяцігадовага хлопчыка — ён дапамагаў маме прадаваць адзенне, і мы пасябравалі. Я запісвала інтэрв’ю, а ён хадзіў за мной і ўвесь час насіў з сабой гэтую цацку. А ў канцы дня падарыў яе мне. І вось цяпер яна са мной — нагадвае пра стойкасць венесуэльцаў. Тады таму хлопчыку было ўсяго дзевяць гадоў, а ён ужо цяжка працаваў, дапамагаў маме. Гэта цёмны бок венесуэльскага крызісу — дзеці растуць у нястачы і працуюць з дзяцінства.
Так, яшчэ да ўвядзення ваеннага становішча на Філіпінах былі два ўзброеныя канфлікты. Але Маркас перабольшваў іх маштабы і пагрозу, каб апраўдаць увядзенне ваеннага становішча, лічыць Кэрал. У той час яна вучылася ва ўніверсітэце і была адной з тых, каму давялося сысці ў падполле.
— У той перыяд многія мае блізкія сябры і паплечнікі-актывісты загінулі або былі надоўга арыштаваны ў самым росквіце маладосці. Гэта мой асабісты досвед. Гэта тое, як дыктатура паўплывала асабіста на мяне.
Мне ўдалося пазбегнуць арышту падчас першай хвалі рэпрэсій, але праз паўгода мяне ўсё ж затрымалі. Я не зазнала фізічных катаванняў, у адрозненне ад людзей, якія былі са мной, асабліва маладых хлопцаў, але я перажыла псіхалагічныя катаванні і пагрозы сексуальнага гвалту.
А журналістка Індэй Эспіна-Варона тады вучылася ў другім класе. Яе бацька быў журналістам, але незадоўга да ўвядзення ваеннага становішча “нешта адчуў”. Ён сышоў з журналістыкі і стаў чыноўнікам.
— Мы раслі дзецьмі, якія прызвычаіліся снедаць пад навіны. А аднойчы радыё змоўкла. Застаўся толькі белы шум.
Мы пачалі пытацца ў бацькі, што адбываецца. Ён сказаў, што прэзідэнт закрыў усе радыёстанцыі. Паколькі нас выхоўвалі ў ліберальнай атмасферы, мы пачалі задаваць пытанні. Навошта камусьці гэта рабіць? Навошта абрываць эфір, дзякуючы якому людзі застаюцца ў курсе падзей? Памятаю, бацька сказаў: “Магчыма, ён хоча нешта схаваць”, — распавядае Індэй.
Вось што мог хацець схаваць Маркас. Паводле звестак Amnesty International, з 1972-га па 1981 год каля 70 тысяч філіпінцаў былі пазбаўлены свабоды, 34 тысячы падвергліся катаванням, а 3240 чалавек загінулі ад рук прадстаўнікоў улады.
Але цяпер спадчыну Маркаса на Філіпінах спрабуюць прадставіць як “залаты век”. І гэты залаты век доўжыўся больш за 20 гадоў. Як Маркасу ўдавалася так доўга заставацца ва ўладзе?
Яго падтрымлівала вялікая багатая краіна — ЗША. Амерыканскага прэзідэнта Рональда Рэйгана задавальняла, што філіпінскі дыктатар змагаецца з камуністамі, і таму ён закрываў вочы на парушэнні правоў чалавека. Побач з Беларуссю таксама ёсць адна вялікая краіна, якая падтрымлівае дыктатара, і гэта робіць барацьбу з ім немагчымай. Колькі ні ўводзь санкцый, заўсёды можна ўзяць яшчэ больш грошай у доўг.
— Не хацелася б параўноўваць ЗША і Расію, але… — кажу я Індэй, калі дзялюся сваімі асацыяцыямі.
Індэй ківае — параўноўвайце смела.
— Так, і ЗША, і Расія — гэта імперскія дзяржавы, і на паверхні ў іх могуць быць розныя палітычныя сістэмы. Але па сутнасці, ці то [Дональд] Трамп, ці то [Уладзімір] Пуцін, яны аднолькава імкнуцца пашыраць свой уплыў на іншыя краіны, дзе могуць эксплуатаваць зямлю, забіраць рэсурсы, узбагачацца і даваць людзям наўзамен вельмі мала.
Яшчэ некалькі флэшбэкаў. Маркас сышоў з улады пасля маштабных пратэстаў у 1986 годзе. Рэпрэсіі ўзмацняліся, незадаволенасць назапашвалася. У 1983 годзе ў аэрапорце Манілы быў забіты галоўны лідар апазіцыі Бенінья Акіна. Некалькі гадоў ён лячыўся за мяжой, але вырашыў вярнуцца дадому, каб удзельнічаць у выбарах. Ён збіраўся пагаварыць з Маркасам і прадставіць яму свой план, як вярнуць краіну да дэмакратыі да таго, як да ўлады прыйдуць экстрэмісты і зробяць такое вяртанне немагчымым.
Але вяртанню палітыка спрабавалі перашкодзіць. Акіне адмаўлялі ў выдачы пашпарта, а міжнародныя авіякампаніі папярэдзілі, што не дадуць самалёту сесці ў аэрапорце.
Ён усё ж знайшоў спосаб ляцець. Прадчуваў, што загіне, і надзеў бронекамізэльку. Ужо падчас палёту сказаў журналістам: будзьце гатовыя, вазьміце ручную камеру, усё можа скончыцца за некалькі хвілін. Усё скончылася яшчэ хутчэй — Акіну забілі стрэлам у галаву. Пасля звяржэння ўрада Маркаса расследаванне прызнала вінаватымі ў забойстве шаснаццаць салдат, іх асудзілі на пажыццёвае зняволенне. Нягледзячы на ўсе суды, так і не было даказана, што Маркас асабіста аддаў загад забіць Акіну.
А тады, у 1983 годзе, забойства Акіны выклікала моцнае і стыхійнае абурэнне, успамінае Кэрал.
— Нават такія звычайна кансерватыўныя, рэакцыйныя слупы грамадства, як буйны бізнес і іерархі каталіцкай царквы, пачалі ставіць пад сумнеў дыктатуру Маркаса.
Іх турбавалі не толькі злоўжыванні з боку вайскоўцаў і разграбленне дзяржаўнага бюджэту і бізнесу, але і іх лад жыцця. Яны паводзілі сябе як каралі і каралевы, дэманструючы ўсёдазволенасць і прывілеяванасць. Усё гэта разам прывяло да таго, што дзясяткі і сотні тысяч людзей пачалі выходзіць на вуліцы на мітынгі і дэманстрацыі. Тым часам у іншых частках краіны разгортвалася ўзброеная рэвалюцыя, і падтрымка Маркаса з боку арміі таксама больш не была маналітнай.
У пэўны момант Злучаныя Штаты прыйшлі да высновы, што Маркас больш не прыносіць карысці, і націснулі на яго, запатрабаваўшы правесці датэрміновыя выбары.
Апаненткай Маркаса на выбарах стала ўдава Акіны — Карасон Акіна. Падзеі 1986 года на Філіпінах называюць жоўтай рэвалюцыяй — прыхільнікі перамен насілі жоўтыя стужкі. А з 1986 па 1992 год Карасон Акіна была прэзідэнткай краіны.
Але простыя філіпінцы мала што атрымалі ад дэмакратыі, за якую змагаліся. Індэй лічыць, што новыя палітыкі працягвалі фліртаваць з філіпінскімі алігархамі — гэта значыць, так і не вырашылі праблемы людзей, якія за іх галасавалі. І калі людзі ўбачылі, што прыхільнікі дэмакратыі не збіраюцца нічога рабіць з эканамічнай і сацыяльнай несправядлівасцю, яны перасталі ім верыць.
— Плады гэтай дэмакратыі да звычайных людзей ніколі не даходзілі, у сельскай мясцовасці людзі па-ранейшаму сутыкаліся з эксплуатацыяй і прыгнётам, — кажа Індэй. — Чаму яшчэ людзі не давяраюць тым, хто кажа пра дэмакратыю? Кожны раз, калі нехта прыходзіць да ўлады, да адказнасці прыцягваюць толькі ворагаў і адмаўляюцца спаганяць са сваіх саюзнікаў. Так адбываецца ад адной адміністрацыі да другой.
Шматлікія “дэмакратычныя ўрады” наступных гадоў настолькі расчаравалі філіпінцаў, што ў 2022 годзе яны зноў прагаласавалі за Маркаса — на гэты раз за малодшага. І калі гэтая філіпінская гісторыя таксама выклікае ў вас флэшбэкі, няцяжка ўявіць, як маглі б развівацца падзеі ў Беларусі пасля сыходу Аляксандра Лукашэнкі.
Індэй сачыла за дзеяннямі каманды Маркаса-малодшага ў сацсетках і прадбачыла яго перамогу.
— Малодшы Маркас не вельмі напорысты чалавек, ён не дзейнічаў наўпрост. Яго каманда выкарыстоўвала сацыяльныя сеткі перадусім для стварэння ботаферм, каб атакаваць людзей, якія нагадвалі філіпінцам пра небяспеку дыктатуры.
Кожны раз, калі нехта заклікаў не думаць, што дыктатура была раем, на яго абрушваліся атакі троляў. Адначасова вялася вельмі дарагая і маштабная кампанія ў сацыяльных сетках, у якой была задзейнічана і Cambridge Analytica. Ствараўся вобраз Маркаса як мяккага, добрага, прыемнага маладога чалавека, а рэжым яго бацькі маляваўся як “залаты век” Філіпінаў, — тлумачыць Індэй.
Вырасла цэлае пакаленне філіпінцаў, якія не бачылі гэты “залаты век” на ўласныя вочы, кажа Кэрал. А ў школьных падручніках пра перыяд “ваеннага становішча” гаворыцца мала.
— Уяўленне пра спадчыну Маркаса сістэматычна змянялася і размывалася. Той факт, што Маркас-старэйшы ўвёў ваеннае становішча перадусім дзеля захавання ўласнай улады, фактычна замоўчваецца або апісваецца вельмі расплывіста.
У выніку дыктатура Маркаса стала падавацца людзям як “добразычлівая дыктатура”. Яе дасягненні нібыта можна ўбачыць у інфраструктуры: вялікіх мастах, сучасных бальніцах, культурных цэнтрах і іншых аб’ектах. Пасля падзення рэжыму не адбылося сапраўднага грамадскага асэнсавання мінулага. Напрыклад, у краінах Лацінскай Амерыкі пасля падзення дыктатур ствараліся “камісіі праўды”. На Філіпінах нічога падобнага не было.
Таму я лічу, што мы пацярпелі няўдачу ў пытаннях асветы грамадства і не змаглі разбурыць міф пра “моцную руку”.
Але няўжо ў шматмільённай краіне не знайшлося нікога, хто мог бы стаць для філіпінцаў больш прывабным кандыдатам, чым спадчыннік дыктатара?
— Не ведаю, як у вас, але ў нас на Філіпінах вельмі раздробленая апазіцыя, — адказвае Індэй. — І я ўпэўнена: калі б апазіцыя сапраўды пастаралася, у яе знайшлося б хаця б некалькі вельмі важных пунктаў, па якіх можна было б дамовіцца, а ўнутраныя рознагалоссі трэба было б адсунуць убок. Не ведаю, чаму мы так і не навучыліся гэтаму за столькі часу.
Маркас-малодшы не будаваў сваю палітычную кампанію на адкрытай настальгіі па аўтарытарным мінулым Філіпінаў. Проста яго прозвішча “ачысцілі” ад негатыўных асацыяцый — у гэта ўклалі шмат грошай, выкарыстоўвалі сацсеткі і СМІ. У выніку атрымаўся вобраз ранімага, мяккага чалавека, які плача ў інтэрв’ю са сваёй хроснай дачкой Тоні Ганзага, калі кажа пра свае мары. У яго простыя мары: ён марыць пра справядлівасць для філіпінскага народа.
— То-бок вы не перапісваеце гісторыю? — пытаецца ў яго Тоні.
— Няма падставы перапісваць гісторыю.
— Гэта тое, у чым вас абвінавачваюць. Вы збіраецеся перапісаць падручнікі?
— Толькі калі яны напісаны няправільна, — адказвае Маркас-малодшы.
Пры падтрымцы “Медыясеткі”