Трамп заявіў пра кантроль над 65 млрд барэлямі венесуэльскай нафты
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп / Carlo Allegri / Reuters
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп абвясціў пра заключэнне "гістарычнай" нафтавай здзелкі з Венесуэлай. Ён заявіў, што цяпер пад амерыканскім кантролем будуць 65 млрд барэляў з даказаных запасаў нафты гэтай краіны. Лічыцца, што венесуэльскія запасы складаюць 303,2 млрд барэляў.
"Гэтая гістарычная ўгода больш чым удвая павялічвае амерыканскія запасы нафты, значна пашырае нашы пастаўкі нафты і істотна знізіць кошты бензіну для ўсіх амерыканцаў", — напісаў Трамп у сацсетцы Truth Social.
Кошты на бензін, якія згадвае Трамп, з'яўляюцца даволі сур'ёзным фактарам унутранай палітыкі ў ЗША. Амерыканскі прэзідэнт абяцаў знізіць іх падчас перадвыбарчай гонкі, але гэтым планам перашкодзіла распачатая ім жа вайна супраць Ірана. Цяпер цана на галон бензіна (каля 3,8 л.) ў ЗША складае каля 4$, год назад была 3$.
Трамп абяцаў выкарыстоўваць нафтавыя запасы Венесуэлы пасля выкрадання Нікаласа Мадуры ў студзені 2026-га.