9 жніўня: Ціханоўская звярнулася да беларусаў
Святлана Ціханоўская / t.me/tsikhanouskaya
З нагоды шостай гадавіны 9 жніўня Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў. У сваім звароце яна гаварыла пра тое, як беларусы змяніліся за гэтыя шэсць гадоў, і пра тое, што важна захаваць у сабе цяпер.
"Нам па-ранейшаму балюча. І шэсць гадоў — дастаткова доўга, каб стаміцца і засумнявацца, ці мае ўсё гэта сэнс. Але з кожным годам становіцца ўсё больш відавочна: 2020-ы незваротна змяніў Беларусь", — сказала Ціханоўская.
Паводле яе, 9 жніўня — гэта таксама абяцанне не забыць, што беларусы — адна нацыя. Яна ўзгадала атмасферу 2020 года, калі дзясяткі тысяч людзей адчулі сябе часткай вялікай супольнасці: людзі ўсміхаліся, дапамагалі адно аднаму і клапаціліся пра тых, хто быў побач.
"І нас шмат. І мы ўсе хочам аднаго — быць вольнымі ды людзьмі звацца", — адзначыла Святлана Ціханоўская.
Што адбылося 9 жніўня 2020 года?
9 жніўня 2020 года ў Беларусі прайшлі прэзідэнцкія выбары. Паводле ЦВК, Аляксандр Лукашэнка атрымаў больш за 80 працэнтаў галасоў, а Святлана Ціханоўская — менш за 10 працэнтаў. Апазіцыя і многія назіральнікі заявілі пра фальсіфікацыі і не прызналі вынікі.
Увечары 9 жніўня ў Мінску і іншых гарадах пачаліся масавыя пратэсты. Сілавікі жорстка разганялі дэманстрацыі, адбываліся затрыманні і сутыкненні. У наступныя дні пратэсты сталі яшчэ больш маштабнымі і працягваліся некалькі месяцаў.
Менавіта таму 9 жніўня стала адной з ключавых дат для беларускага дэмакратычнага руху і сімвалам падзей, якія змянілі беларускую грамадскую і палітычную рэальнасць.