Без калію наогул нічога не вырасце? Запыталіся ў эксперта па сельскай гаспадарцы
Вагоны для перавозкі калійных угнаенняў / LookByMedia
Ад цэн на калій зараз залежыць не толькі ўраджай, але нават вынік прамежкавых выбараў у ЗША. Рост коштаў на ўгнаенні нервуе амерыканскіх фермераў, многія з якіх галасуюць за Рэспубліканскую партыю. Зніжэнне коштаў на калій магло б іх задобрыць.
Беларусь уваходзіць у тройку вытворцаў калію ў свеце. Першая партыя беларускіх калійных угнаенняў ужо выехала ў ЗША, а прэзідэнт Дональд Трамп заявіў, што беларускі калій будзе таннейшы за канадскі. Мы ўжо распавядалі, чаму гэта, верагодна, няпраўда.
Але чаму вакол гэтага мінералу ўвогуле столькі размоў? Без калію што, нічога не вырасце? А вось гэта, верагодна, праўда.
Спецыяліст па сельскай гаспадарцы Мікалай Лысянкоў тлумачыць Еўрарадыё: каб расліны добра раслі, ім патрэбныя азот, фосфар і калій. І калі з першымі двума праблем няма, то калій — вельмі дэфіцытны тавар.
Азотныя ўгнаенні вырабляюцца літаральна з паветра, то-бок завод, падобны да “Гродна-Азота”, можна пабудаваць у любой кропцы свету. Фосфар таксама ёсць у кожнай краіне свету, проста дзесьці фасфарыты больш канцэнтраваныя, а дзесьці — менш.
А вось з каліем усё складаней. Калійныя ўгнаенні можна вырабляць толькі з солей калію, вялікія радовішчы якіх ёсць у вельмі нешматлікіх краінах свету. А ў Беларусі — ёсць.
— Калій забяспечвае імунітэт раслін, іх устойлівасць да засухі і замаразкаў. То-бок менавіта да тых прыродных з’яў, праз якія мы сёння губляем вялікія аб’ёмы ўраджаю.
Калі адбыліся замаразкі, і пры гэтым у глебе няма калію, можа загінуць нават 100% ураджаю. Але калі ў глебе дастаткова калію, то ўраджай можна захаваць нават пры неспрыяльных умовах надвор’я.
У той жа час пры спрыяльных умовах вялікі ўраджай можна атрымаць і без калію. І так, калій — гэта сапраўды дэфіцытны тавар на міжнародным рынку.
У беларускага калію ўсё было нядрэнна, а стала яшчэ лепш
Калію ў Беларусі, сапраўды, шмат. Да ўвядзення санкцый у 2021 годзе наша краіна прадавала пятую частку ўсяго калію ў свеце. А на наступную раніцу пасля абвяшчэння санкцый акцыі канкурэнта — канадскай Nutrien — выраслі на 2,6%.
Тады “Беларуская калійная кампанія” (БКК) заяўляла, што санкцыі супраць калію прывядуць да сусветнага голаду, але канкурэнты хутка зарыентаваліся. Канадцы паабяцалі павялічыць вытворчасць і замясціць беларускія аб’ёмы.
Але нават праз чатыры гады пасля ўвядзення санкцый Беларусь усё яшчэ нядрэнна адчувала сябе на рынку. Канадская Асацыяцыя вытворцаў угнаенняў (Fertilizer Canada) падзялілася з Еўрарадыё свежымі дадзенымі аб аб’ёмах вытворчасці калію ў свеце. На ліпень 2025 года Беларусь вырабляла і прадавала 15% усяго сусветнага калію. Ненашмат больш — Расія, значна больш — толькі Канада.
Пасля зняцця амерыканскіх санкцый сітуацыя стала яшчэ лепшай. Пакуль калій быў пад санкцыямі, шэраг краін асцерагаліся яго купляць або патрабавалі вялікую зніжку, як Кітай. Эксперты кажуць, што некаторыя партнёры куплялі беларускі калій пад выглядам расійскага — але і за гэта патрабавалі зніжку. Пасля зняцця санкцый Беларусь ужо адкрыта заключыла кантракты з Індыяй і Бразіліяй.
Пакуль галоўнай праблемай беларускага калію застаецца лагістыка. Везці калій вагонамі на прыпартовыя станцыі Расіі на 11–98% даражэй, чым везці яго ў порт Клайпеды. Каб у 2022 годзе перавезці калій праз парты Санкт-Пецярбурга, Беларусь толькі за чыгуначныя перавозкі пераплаціла ад 2,8 да 4,8 млн долараў.
Пры гэтым Расія — яшчэ і галоўны канкурэнт Беларусі на гэтым рынку. То-бок яна можа дыктаваць, колькі вагонаў з каліем яна пагодзіцца транспартаваць па сваёй тэрыторыі.