Украіна рыхтуе санкцыі супраць мабільных аператараў Беларусі

Вышка мабільнай сувязі

Вышка мабільнай сувязі / unsplash.com

Санкцыі супраць мабільных аператараў Беларусі рыхтуе Украіна. Гэта звязана з тым, што рэжым Лукашэнкі дазваляе выкарыстоўваць іх інфарструктуру для нанясення атак па ўкраінскай тэрыторыі. Пра гэта журналістам на Варшаўскім форуме бяспекі сказаў міністр замежных справаў Украіны Андрэй Сібіга, перадае "Белсат".

Раней Украіна неаднаразова заяўляла, што расійскія дроны карыстаюцца рэтранслятарамі на тэрыторыі Беларусі, каб атакаваць заходнія вобласці Украіны.

Міністр адзначыў, што афіцыйны Мінск спрабуе размяшчаць ваенную інфраструктуру ў жылых кварталах, выкарыстоўваючы беларусаў у якасці жывога шчыта. Паводле Сібігі, украінскія ўлады папярэдзілі рэжым Лукашэнкі і больш не дапусцяць паўтарэння падзеяў 2022 года, калі тэрыторыя Беларусі стала плацдармам для прамой агрэсіі.

Кіраўнік украінскага знешнепалітычнага ведамства дадаў, што ніякіх дыпламатычных кантактаў з афіцыйным Мінскам Украіна цяпер не падтрымлівае, акрамя працы амбасады па консульскай дапамозе ўкраінцам. Пры гэтым Кіеў актыўна супрацоўнічае з беларускімі дэмакратычнымі сіламі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.