“Людзі становяцца нелегаламі”. Якія праблемы з легалізацыяй у беларусаў ва Украіне
Акцыя салідарнасці з Украінай у Вільні / LookByMedia
Для беларускіх грамадзян Украіна з’яўляецца складанай краінай у пытаннях легалізацыі. Людзі не могуць абнавіць пашпарты і атрымаць від на жыхарства. І гэта, па словах экспертаў, сістэмная праблема.
Журналіст Еўрарадыё абмеркаваў з былой грамадскай актывісткай Free Belarus Center ва Украіне, а зараз супрацоўніцай праекту "Пошук. Полон" Вольгай Касенка і ўжо былой намесніцай прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінента па сацыяльнай палітыцы Анастасіяй Махамет, чаму беларусы ва Украіне трапілі ў бюракратычную пастку і ці ёсць шанец з яе выбрацца.
Ужо пасля падрыхтоўкі гэтага матэрыялу з’явілася навіна, што працэс знаходжання ва Украіне і атрымання ВНЖ для беларусаў з пратэрмінаванымі пашпартамі могуць спрасціць. Дзяржаўная міграцыйная служба Украіны апублікавала адпаведны законапраект.
“Некарэктнае стаўленне Украіны да людзей, якія сапраўды яе падтрымліваюць”
У якасці ўступу распавядзём, колькі беларусаў апынуліся ў складанай сітуацыі.
Паводле дадзеных Дзяржаўнай міграцыйнай службы Украіны, на канец лютага 2026 года ва Украіне жыло больш за 13 тысяч беларусаў, якія мелі розны від на жыхарства. А за перыяд з сакавіка 2022 года па канец лютага 2026 года толькі тры ўладальнікі сіняга пашпарта атрымалі ва Украіне статус уцекача і шаснаццаць — дадатковую абарону. 38 беларусаў звярнуліся па атрыманне статусу, сямнаццаці ў ім было адмоўлена.
Паводле Вольгі Касенка, міграцыйная служба Украіны прымае новыя рашэнні са спазненнем, праз што ўзнікаюць перапынкі ў дзеянні прававых механізмаў, а людзі губляюць магчымасць легальна знаходзіцца ў краіне.
“У выніку заўсёды ўзнікае паўза, падчас якой шмат людзей становяцца нелегаламі. Гэта сістэмна адбываецца ўжо ўсе гэтыя [чатыры] гады”, — адзначае Вольга.
Праблема паўстала пасля змены правілаў знаходжання замежнікаў ва Украіне ў 2026 годзе. Папярэдняя пастанова дазваляла працягваць тэрмін дзеяння ВНЖ да заканчэння ваеннага становішча і яшчэ на адзін месяц.
Пасля змены працэдуры людзям з нявырашаным міграцыйным статусам дазволілі заставацца ў краіне, але абавязалі на працягу трох месяцаў падаць актуальныя дакументы. Пры гэтым патрабаванні да дакументаў не змяніліся.
Для беларусаў, як і для ўсіх іншых замежнікаў, якія не могуць атрымаць новыя пашпарты без рызыкі для сябе, гэта стварыла тупіковую сітуацыю.
Паводле Вольгі, тыя, хто мог бяспечна выехаць у Беларусь і абнавіць дакументы, ужо зрабілі гэта. Ва Украіне засталіся ў тым ліку людзі з апазіцыйнымі поглядамі, для якіх вяртанне на радзіму можа быць небяспечным.
“На мой погляд, гэта некарэктнае стаўленне Украіны да людзей, якія сапраўды яе падтрымліваюць. Праблемы ўзніклі менавіта ў тых, хто не мог атрымаць новы беларускі пашпарт”, — падкрэслівае грамадская дзяячка.
“Фактычна яго затрымалі непасрэдна ў міграцыйнай службе”
Адзін з выпадкаў пратэрмінаванай легалізацыі, пра які расказвае Вольга, адбыўся з беларусам, які жыў ва Украіне з пачатку поўнамаштабнай вайны.
Падчас баявых дзеянняў і акупацыі мужчына страціў дакументы, але захаваў ВНЖ. Ён не планаваў з’язджаць з Украіны — там у яго засталася жонка, маёмасць і наладжанае жыццё.
“Раней у міграцыйнай службе пацвярджалі, што ён можа заставацца ў краіне на падставе ВНЖ. Аднак пасля змены міграцыйных правілаў у 2026 годзе яму паведамілі, што неабходна падаць актуальныя дакументы”, — распавядае Вольга.
Мужчына патлумачыў, што не мае пашпарта, але ў службе адказалі, што гэта не іх праблема.
Беларус спрабаваў вырашыць сітуацыю праз афіцыйныя звароты, аднак адказаў не атрымаў. Калі ён чарговы раз прыйшоў у міграцыйную службу, яго затрымалі і накіравалі ў пункт часовага знаходжання замежнікаў і асоб без грамадзянства.
“Наступны раз ён патэлефанаваў мне, калі яго ўжо везлі ў пункт часовага знаходжання замежнікаў і асоб без грамадзянства. Фактычна яго затрымалі непасрэдна ў міграцыйнай службе. Прыкладна праз паўгадзіны прыехала паліцыя, і мужчыну адправілі ў лагер”, — кажа суразмоўца.
У канцы ліпеня 2026 года мужчыну дэпартавалі ў Беларусь. Паводле Вольгі, гэта адбылося яшчэ да заканчэння тэрміну, адведзенага на падачу дакументаў паводле новай пастановы. Мужчыну разам з іншымі затрыманымі адвезлі да мяжы. Пазней ён паведаміў, што застаўся літаральна без рэчаў.
Пры гэтым беларус не быў актыўным апазіцыйным дзеячам і не баяўся вяртання ў Беларусь праз пагрозу палітычнага пераследу. Ён баяўся затрымання ва Украіне і ўтрымання ў міграцыйным цэнтры. Таму ў Беларусі яму пераслед не павінен пагражаць.
Пасля вяртання на радзіму мужчына атрымаў новы пашпарт. Аднак вярнуцца ва Украіну, дзе засталіся яго жонка, маёмасць і ўсё ранейшае жыццё, ён цяпер не можа.
Вольга падкрэслівае, што пакуль не мае дастатковай інфармацыі, каб ацаніць, колькі яшчэ беларусаў апынуліся ў падобнай сітуацыі і колькі з іх былі выдвараны з Украіны.
“10 лістапада яны стануць «вайсковымі нелегаламі»”
Тым часам украінскія ўлады рыхтуюць новы механізм легалізацыі беларусаў, якія раней мелі ВНЖ, але не маглі абнавіць яго праз адсутнасць дзеючых пашпартоў. Аднак прапанаваныя змены не вырашаюць праблем усіх замежнікаў, якія апынуліся ў няпэўным прававым становішчы.
Пра гэта Еўрарадыё расказала Анастасія Махамет, якая працуе ва Украіне.
Паводле яе, 24 верасня Дзяржаўная міграцыйная служба Украіны апублікавала адпаведны законапраект. Ён павінен паступіць у Вярхоўную Раду на абмеркаванне. Дакумент прадугледжвае магчымасць атрымаць новы ВНЖ беларусамі з пратэрмінаваным пашпартам, якія раней ужо праходзілі неабходныя працэдуры легалізацыі.
“Калі чалавек ужо мае дазвол на іміграцыю, то для атрымання новага пасведчання будзе дастаткова нават копіі пашпарта”, — тлумачыць Анастасія.
Аднак, паводле грамадскай дзяячкі, людзі, якія раней не звярталіся ў міграцыйную службу і не пачыналі працэдуры легалізацыі, застаюцца па-за межамі прапанаваных змен.
“Для людзей, якія ўвогуле не праходзілі ніякіх працэдур, патрэбны асобны механізм. Магчыма, гэта павінна быць нешта сярэдняе паміж дадатковай абаронай і іншымі працэдурамі, якія прадугледжваюць устанаўленне асобы. Проста прыняць дакументы без якіх-небудзь папер і паверыць чалавеку на слова было б складана. Але ў любым выпадку ўкраінскі бок павінен знайсці нейкае рашэнне”, — лічыць яна.
Асобная праблема — замежнікі, якія служаць ва ўкраінскім войску і страцілі пашпарты. Паводле Анастасіі, частка з іх не можа пачаць працэдуру легалізацыі менавіта праз адсутнасць дакументаў.
Без новых рашэнняў гэтыя людзі могуць атрымаць у краіне нелегальны статус, нягледзячы на тое, што працягваюць служыць ва ўкраінскім войску.
“На сённяшні дзень, калі нічога не зменіцца, 10 лістапада яны стануць, як я іх называю, «вайсковымі нелегаламі». Гэта будуць сапраўдныя вайскоўцы з нелегальным статусам знаходжання ў краіне”, — кажа Анастасія.
Паводле яе інфармацыі, разглядаецца магчымасць падоўжыць тэрмін дзеяння дакументаў вайскоўцаў яшчэ на паўгода або год, каб за гэты час распрацаваць працэдуру іх легалізацыі. Аднак пакуль незразумела, як вырашаць праблемы тых, хто ніколі не пачынаў адпаведных працэдур, а таксама тых, хто ўжо звольніўся са службы.
Праблемы з дакументамі закранаюць не толькі саміх вайскоўцаў, але і іх сем’і.
“Акрамя таго, у новым законапраекце зноў забыліся пра сем’і ўкраінцаў. Што рабіць звычайнай жонцы грамадзяніна Украіны, нават калі ён не вайсковец? Няўжо яна не мае права на дазвол на іміграцыю? Ёй даюць права на дазвол на іміграцыю па-за квотай, але ў яе няма пашпарта. Што яна павінна рабіць? Ехаць у Беларусь?” — задаецца пытаннем Анастасія.
Грамадская дзяячка адзначае, што мае намер прапаноўваць папраўкі, якія дазволяць улічыць становішча членаў сем’яў грамадзян Украіны. Паводле яе, цяперашняя сітуацыя выглядае абсурднай, бо нават шлюб з грамадзянінам Украіны не гарантуе магчымасці вырашыць праблему з дакументамі.
Яшчэ адна складанасць звязана з тым, што ўкраінскае заканадаўства вузка вызначае паняцце члена сям’і замежніка. Да гэтай катэгорыі адносяць мужа або жонку, непаўналетніх дзяцей і бацькоў на ўтрыманні.
“Мы ўжо маем выпадкі, калі дзеці дасягнулі паўналецця і страцілі магчымасць легалізавацца па гэтай працэдуры. Хоць ім таксама небяспечна ехаць у Беларусь, бо іх бацькі могуць быць асуджаны або пераследавацца”, — кажа Анастасія.
Яна таксама згадвае сітуацыі, калі муж атрымаў украінскае грамадзянства, а жонка страціла магчымасць легалізавацца на падставе пратэрмінаванага пашпарта. На думку Анастасіі, гэта недахопы заканадаўства, якое ўвялі ў маі 2026 года. Паколькі яно ўступіла ў сілу менш за паўгода, яна спадзяецца, што ўлады яшчэ змогуць выправіць сітуацыю.
Замежныя вайскоўцы залежаць ад рашэнняў камандзіраў
Акрамя праблем з пашпартамі і даведкамі на пражыванне, Анастасія звяртае ўвагу на абмежаванні, якія датычацца атрымання ўкраінскага грамадзянства замежнымі вайскоўцамі.
Паводле яе, дзеючыя вайскоўцы могуць падаць дакументы на грамадзянства пасля года службы, але для гэтага яны павінны працягваць служыць. Калі чалавек звальняецца па ўласным жаданні, такая магчымасць знікае. Выключэннем, паводле яе слоў, можа быць звальненне па стане здароўя.
“Праблема ў тым, што правы замежнікаў абаронены вельмі слаба. Шмат што залежыць ад камандзіра. Ён можа быць добрым чалавекам і правільна аформіць усе дакументы, а можа атрымацца так, што чалавек без нагі ці рукі будзе звольнены па ўласным жаданні. У загадзе будзе напісана менавіта гэта, і міграцыйная служба скажа: «А што мы можам зрабіць?» У выніку ўзнікаюць судовыя справы”, — тлумачыць грамадская дзяячка.
Паводле Анастасіі, гэтыя праблемы закранаюць не толькі беларусаў, але і ўсіх замежнікаў, якія служаць ва ўкраінскім войску. Да таго ж у замежнікаў ёсць дадатковая рызыка — страціць прававы статус і апынуцца ў сітуацыі, калі яны баяцца звяртацца па дапамогу ў дзяржаўныя органы.
Людзі могуць гадамі жыць ва Украіне нелегальна
Анастасія адзначае, што не ведае выпадкаў выдварэння менавіта вайскоўцаў-ветэранаў або іх жонак, але гэта не азначае, што іх праблемы вырашаюцца. Паводле яе, некаторыя людзі гадамі застаюцца ва Украіне без легальнага статусу.
“Напрыклад, ёсць дзяўчына, якая два гады жыла нелегальна, і ніхто нічога ёй не зрабіў, хоць усе ведалі пра яе статус. Яна пісала ў Дзяржаўную міграцыйную службу, але ніякай рэакцыі не было”, — расказвае суразмоўца.
На думку Анастасіі, украінскім уладам неабходна не толькі прыняць прапанаваныя змены адносна людзей, якія раней праходзілі працэдуры легалізацыі, але і распрацаваць асобныя механізмы для тых, хто не мае неабходных дакументаў, ужо звольніўся з войска або страціў магчымасць легалізавацца праз змену сямейнага статусу.
“Атрыманне часовай абароны было праблемай на працягу ўсёй вайны”
Вольга Касенка адзначае, што для людзей без дзеючых пашпартоў адным з магчымых шляхоў легалізацыі магло б стаць атрыманне статусу бежанца або часовай абароны. Аднак на практыцы гэтыя працэдуры ва Украіне амаль не працуюць.
“Атрыманне часовай абароны ва Украіне было вялікай праблемай на працягу ўсёй вайны. Міграцыйная служба надала гэты статус вельмі малой колькасці людзей. Пра гэта сведчыць афіцыйны адказ, атрыманы ад службы юрыстам і нардэпам IX cклікання Вярхноўнай рады Вадзімам Галайчуком”, — расказвае Вольга.
Праблема ўскладняецца адсутнасцю палітычнай волі ў вырашэнні пытання з боку украінскіх улад, народных дэпутатаў або Офіса прэзідэнта.
У дачыненні да некаторых беларусаў з апазіцыйным бэкграўндам могуць існаваць нефармальныя дамоўленасці, якія дазваляюць ім выехаць у Польшчу замест Беларусі. Аднак Вольга падкрэслівае, што не мае пацвярджэння існавання такіх дамоўленасцей і не лічыць магчымым рабіць высновы на падставе асобных выпадкаў.
Грамадская дзяячка таксама звяртае ўвагу на тое, што новыя правілы не вырашаюць праблемы тых, хто ўжо страціў легальны статус. Калі чалавек праз адсутнасць дакументаў не паспеў падаць заяву ў вызначаны тэрмін, ён можа пазбавіцца магчымасці скарыстацца новай працэдурай.
“І мы зноў вяртаемся да праблемы няспраўнага механізма часовай абароны і атрымання статусу бежанца. Для людзей, якія апынуліся ва Украіне нелегальна, гэта фактычна адзіны шлях, які застаецца. Але ён амаль заблакіраваны”, — тлумачыць Вольга.
А без стварэння даступнай працэдуры часовай абароны або іншага механізма легалізацыі новыя пастановы не вырашаць праблему тых, хто ўжо апынуўся ў нелегальным статусе.
Пакуль такога рашэння няма, беларусы, якія не могуць бяспечна вярнуцца на радзіму па новыя дакументы, застаюцца перад выбарам паміж нявызначаным прававым становішчам, рызыкай затрымання і выездам з Украіны.