У памежжы з Украінай выведзеныя з ладу тры "стратэгічныя" вышкі сотавай сувязі
Вышка мабільнай сувязі / pixabay.com
Выведзеныя з ладу тры вышкі мабільнай сувязі на мяжы з Украінай. Дзве з іх размяшчаюцца ў Гомельскай вобласці, адна — у Брэсцкай. Пра гэта піша выданне "Флагшток" са спасылкай на службовы ТГ-канал беларускага аператара сотавай сувязі Becloud.
Усе вышкі размяшчаюцца адносна недалёка ад мяжы з Украінай. Адна з іх належыць аператару А1 і размяшчаецца ў зоне адчужэння, у раёне кантрольна-прапускнога пункта Майдан Хойніцкага раёна (каля 26 км ад дзяржаўнай мяжы). Другая — ад аператара МТС у пасёлку Слабада Лельчыцкага раёна (каля 27 км ад мяжы), трэцяя — ад аператара МТС у вёсцы Грушка Маларыцкага раёна Брэсцкай вобласці (каля 12 км ад мяжы).
Усе яны могуць лічыцца стратэгічнымі, адзначае "Флагшток". Раней украінскія вайскоўцы заяўлялі, што вышкі ў памежжы Беларусі выкарыстоўваюцца для кіравання расійскімі дронамі ў сумежных рэгіёнах Украіны.
Вышкі спынілі працу паміж 21 кастрычніка і 3 лістапада. Пра аднаўленне іх працы пакуль не паведамлялася.