У МЗС Польшчы сказалі, ці зменяць палітыку адносна беларусаў пасля вяртання Пачобута

МЗС Польшчы

МЗС Польшчы / gov.pl

У МЗС Польшчы з павагай ставяцца да рашэння экс-палітвязня Анджэя Пачобута вярнуцца ў Беларусь і спадзяюцца на ягоную бяспеку. Пра гэта прэс-сакратар ведамства Мацей Вэвюр заявіў у гутарцы з выданнем "Зеркало".

"Анджэй Пачобут заўсёды казаў, што яму блізкая Беларусь. Мы ведаем пра яго рашэнне. Разлічваем, што ён зможа потым гэтак жа спакойна вярнуцца ў Польшчу", — падкрэсліў дыпламат.

Журналісты спыталі, ці не стане Польшча пасля паездкі Пачобута меркаваць, што ўзровень рэпрэсій у Беларусі зніжаецца. Праз гэта беларусы стануць атрымліваць яшчэ больш адмоваў у наданні прытулку. 

Вэвюр адказаў, што пазіцыя Варшавы ў дачыненні да падтрымкі рэпрэсаваных застаецца нязменнай: "Думаю, што асоба Анджэя Пачобута — гэта выдатны прыклад нашага падыходу да таго, як мы падтрымліваем людзей, якія, напрыклад, знаходзяцца ў турмах. Гэта прыклад нашых пастаянных намаганняў у барацьбе за правы чалавека".

Таксама журналісты спыталіся пра лёс неафіцыйнага Саюза палякаў у Беларусі. У дзень вяртання Пачобута ў СМІ з'явілася інфармацыя, што афіцыйны Мінск прапануе Саюзу палякаў самараспусціцца, а потым стварыць новую арганізацыю, магчыма, пад іншай назвай. Гэты крок, нібыта, звязваюць са змякчэннем санкцый — у прыватнасці, па авіяпалётах у Мінск і транзіце калійных угнаенняў.

"Па-першае, мы ніколі не інфармуем пра якія-небудзь перамовы да іх завяршэння. А па-другое, прабачце, але я нічога не ведаю на гэтую тэму, мне трэба было б удакладніць гэта ў Дэпартаменце, каб я мог вам адказаць", — адказаў прэс-сакратар МЗС.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.