У Беларусі знайшлі рэдкага кажана, які амаль знік у Заходняй Еўропе

Кажаны

Кажаны / t.me/pripyat_national_park

У нацыянальным парку "Прыпяцкі" навукоўцы зафіксавалі некалькі рэдкіх відаў кажаноў. Сярод іх — шыракавушка еўрапейская, якая практычна знікла ў Заходняй Еўропе. Для назірання спецыялісты выкарыстоўвалі ультрагукавыя дэтэктары і спецыяльныя сеткі, бяспечныя для кажаноў.

За палявы сезон даследчыкі запісалі больш за 18 тысяч эхалакацыйных сігналаў. Па іх частотах можна вызначыць, якому віду належыць кажан. Усяго ў Беларусі сустракаюцца 19 відаў рукакрылых, а ў "Прыпяцкім" цяпер пацверджана наяўнасць 10 з іх.

Акрамя шыракавушкі еўрапейскай, навукоўцы знайшлі яшчэ два віды з Чырвонай кнігі — малую вячэрніцу і начніцу Бранта. 

Шыракавушка асабліва рэдкая: для яе патрэбныя старыя лясы, дзе захавалася шмат дуплаватых дрэў і адпластаванай кары. Менавіта такія ўмовы ёсць на тэрыторыі нацыянальнага парку.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.