У Беларусі распрацуюць адзіныя правілы вывазу сцёкавых водаў з прыватнага сектара

Трубы

Трубы / LookByMedia

У Беларусі ўстановяць адзіны парадак вывазу сцёкавых водаў з дамавалоданняў без падключэння да цэнтралізаванай каналізацыі. Пра гэта паведаміла прадстаўніца Мінжылкамгасу Ірына Салівончык.

Праект прадугледжвае патрабаванні да выграбных ям, у прыватнасці гранічны ўзровень іх напаўнення.

Закон уводзіць адзіныя ўмовы аказання паслугі па транспартаванні сцёкавых водаў асенізацыйным транспартам. Паслуга платная і аказваецца па дагавору. Тарыф устанаўліваюць юрыдычныя асобы, індывідуальныя прадпрымальнікі і асобы, якія займаюцца самастойнай прафесійнай дзейнасцю.

У Беларусі каля 800 тыс. дамавалоданняў падключаны да цэнтралізаванага водазабеспячэння, але не маюць цэнтралізаванай каналізацыі. Штогод з іх вывозяць больш за 1,3 млн куб. м сцёкавых водаў.

Больш за палову гэтага аб'ёму прыпадае на індывідуальных прадпрымальнікаў і фізічных асоб, якія займаюцца самастойнай прафесійнай дзейнасцю. Яны выкарыстоўваюць каля 600 адзінак тэхнікі.

Згодна з праектам, мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы размесцяць на сваіх сайтах звесткі пра выканаўцаў паслугі і іх тарыфы. Даныя будуць фармавацца на падставе заявак выканаўцаў і інфармацыі арганізацый водазабеспячэння і водаадвядзення аб заключаных дагаворах.

Паслугу будуць аказваць па дагавору паміж выканаўцам і грамадзянінам. Заяўку можна будзе падаць праз службу 115, а аплаціць паслугу — праз сістэму АРІП.

Мясцовыя ўлады змогуць вызначаць аптымальны радыус транспартавання і месцы прыёму сцёкавых водаў. Гэта павінна знізіць кошт паслугі, стварыць роўныя ўмовы для юрыдычных і фізічных асоб і скараціць ценявы рынак. Перавозчыкі будуць абавязаны зліваць сцёкі толькі на спецыялізаваных станцыях.

Раней праект пастановы прайшоў публічнае абмеркаванне. Яго таксама разгледзеў грамадска-кансультатыўны і экспертны савет пры Мінжылкамгасе.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.