У Беларусі з 1 верасня ўводзяць навацыі ў арганізацыі школьнага харчавання

Дзеці ідуць у школу

Дзеці ідуць у школу / LookByMedia

У Беларусі з 1 верасня 2026 года ўступаюць у сілу змяненні ў арганізацыі школьнага харчавання. Пры аднаразовым харчаванні ўводзіцца адзіны від прыёму ежы з трох страў — салаты, гарачай стравы і напою. У першую змену ён будзе называцца другім сняданкам, у другую — полудзнем.

Зменіцца і падыход да ўліку фізіялагічных патрэб дзяцей у залежнасці ад узросту. Школьнікаў падзеляць на тры групы па класах — 1–5-я, 6–8-я і 9–11-я — замест ранейшых дзвюх узроставых катэгорый (6–10 і 11–18 гадоў) пры выкарыстанні натуральных і грашовых норм расходаў.

З 1 верасня памер грашовых норм расходаў на харчаванне павялічваецца на 5%. Надалей ён будзе штогод расці аўтаматычна з улікам змянення рознічных цэн на прадукты харчавання.

Таксама значна пашыраны пералік прадукцыі, дазволенай для выкарыстання ў харчаванні вучняў, — у тым ліку за кошт гатовых мясных, рыбных, мучных, агародніннных і іншых паўфабрыкатаў, якія адпавядаюць патрабаванням да дзіцячага харчавання. Зняты абмежаванні на выкарыстанне хлебабулачных вырабаў, сала і мясных паштэтаў.

Пастановай прадугледжана магчымасць усталёўкі ў школьных буфетах вендынгавых аўтаматаў з ежай і напоямі, дазволенымі для дзяцей.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.