Спрэчка вакол Канстытуцыйнага трыбунала выкарыстоўваецца прапагандай Расіі і Беларусі
Транспарант на мітынгу каля трыбунала / x.com/maximlier
Унутраная спрэчка вакол Канстытуцыйнага трыбунала Польшчы можа адмоўна паўплываць на міжнародную бяспеку краіны. Пра гэта заявіў былы супрацоўнік ваеннай разведкі, падпалкоўнік Мацей Морыц у эфіры Польскага радыё 24. Яго словы цытуе Польскае радыё.
31 кастрычніка 2026 года спрэчка пра Канстытуцыйны трыбунал зноў разгарэлася ў Польшчы. Каля будынка суда адбыліся сутыкненні і ўмяшалася паліцыя.
Паводле слоў Морыца, сітуацыя ўплывае на кіраванне дзяржавай і на тое, як Польшчу ўспрымаюць на міжнароднай арэне.
"Калі мы будзем засяроджваць сваю палітыку на ўнутраных спрэчках, то з гарызонту знікаюць важныя справы, у тым ліку з пункту гледжання нашай бяспекі. Гэта эфект, на які разлічваюць нашы праціўнікі: узнікненне сітуацыі, калі працэс прыняцця рашэнняў у дзяржаве паралізаваны", — адзначыў ён.
Журналіст Анджэй Пачобут у сваіх сацыяльных сетках звярнуў увагу на цікавасць Мінска і Масквы да падзей у Польшчы.
"Выбух радасці ў прапагандысцкіх СМІ Беларусі і Расіі быў лёгка прадказальны. Чым большы палітычны хаос у Польшчы, тым больш яны задаволеныя. Яны не заўзеюць ні за адзін з бакоў спрэчкі вакол Канстытуцыйнага трыбунала. Іх мэта іншая: распальваць канфлікт. Чым больш мы раз'яднаныя, тым лепш для іх", — напісаў Пачобут на платформе X.