Бабарыка расказаў, як хадзіў у КДБ глядзець справу свайго рэпрэсаванага дзеда
Віктар Бабарыка / lookby.media
Віктар Бабарыка ў часы, калі быў старшынёй праўлення "Белгазпрамбанка", хадзіў у КДБ, каб даведацца пра свайго рэпрэсаванага дзеда. Пра гэта экс-палітвязень расказаў у інтэрв'ю польскаму "Мемарыялу", заўважыла "Наша Ніва".
Паводле Бабарыкі, справу яму вынес маёр КДБ, якому было каля 30 гадоў. Банкіру сказалі, быццам значная частка архіву страчаная, у тым ліку паперы пра яго дзеда. Бабарыка хацеў даведацца, хто напісаў данос, па якім рэпрэсавалі ягонага продка. Аднак супрацоўнік КДБ "не даў прачытаць нічога асаблівага".
"Я пытаюся: "Чаму нельга паглядзець?" /…/ Ён кажа: "Таму што, магчыма, вы будзеце помсціць сваякам". Я кажу: "Вы ўяўляеце сабе, што праз тры-чатыры пакаленні ў кагосьці ўзнікне жаданне кагосьці абвінаваціць?" — "Не, мы не можам".
Таксама банкіра здзівіла, што кадэбіст сур'ёзна ставіўся да абвінавачання ягонаму дзеду — нягледзячы на пазнейшую рэабілітацыю.
"Я чытаю, што мой дзед быў супрацоўнікам польскай разведкі, дэфензівы. (…) Я кажу: "Я быў у тым лесе, дзе ён жыў, там мала што можна…" І мне малады чалавек на поўным сур'ёзе кажа: "Вы дарэмна так думаеце".
Кадэбіст спрабаваў пераканаць Бабарыку, што ягоны дзед мог быць агентам польскай разведкі, бо жыў на мяжы з Заходняй Беларуссю на тэрыторыі, дзе "былі перамяшчэнні войскаў".
Пасля такога адказу банкір вырашыў паіранізаваць: "Я тады не вытрымаў, кажу: "А вы не маглі б мне даведачку даць, каб я ў польскую разведку звярнуўся па заробак дзеда? Калі ён там быў з трыццаць сёмага года, можа, там нешта назапасілася. Ён жа, напэўна, не проста за ідэю працаваў, і ў мяне ёсць шанец нешта атрымаць ад польскай разведкі".
Бабарыка прызнаецца, што ў выніку візіту амаль нічога не даведаўся пра дзеда. Аднак размова з кадэбістам прымусіла яго задумацца, што людзі, якія працуюць у гэтай сістэме не збіраюцца пераацэньваць дзейнасць сваіх папярэднікаў.