Стваральніца Belaruskicry расказала пра лёс брэнду пасля прызнання яго экстрэмісцкім
Аляксандра Куркова / фота з яе асабістага архіва
Сацыяльныя сеткі брэнду Belaruskicry не абнаўляліся год і пакуль застануцца ў тым жа стане. Пра гэта паведаміла стваральніца брэнду Аляксандра Куркова. Дызайнерка ўпершыню пасля доўгай паўзы запісала відэа ў Інстаграме.
Самае вядомае ўпрыгожанне брэнду — абрысы Беларусі са слязой. У 2025 годзе рэжым Лукашэнкі прызнаў брэнд Belaruskicry "экстрэмісцкім фармаваннем". Сілавікі затрымалі дырэктара па вытворчасці Ягора Бужылава. Пасля гэтага акаўнты брэнду перасталі абнаўляцца.
"Упершыню, больш чым за год, мы сустракаемся з вамі. Я вельмі сумавала. Больш за год маўчання, але не спынення", — сказала ў сваім звароце Куркова.
Яна дадала, што выраб упрыгожанняў працягваецца і падзякавала ўсім, хто падтрымлівае іх працу.
Ад іншых каментароў прадстаўнікі брэнду на цяперашні момант устрымліваюцца.
Як піша "Наша Ніва", Куркова займаецца брэндам з Грузіі. Таксама пад маркай 2fingers яна стварае ўпрыгожванні з адбіткамі пальцаў ці, напрыклад, злепкам носіка ці лапкі хатняга гадаванца.