Штогадовыя дэкларацыі аб даходах беларускіх чыноўнікаў могуць адмяніць
Генпракурор Дзмітрый Гара / БЕЛТА
У Беларусі прапануюць адмяніць штогадовыя дэкларацыі аб даходах чыноўнікаў. Іх плануецца замяніць на маніторынг іх фінансавага становішча. Пра запланаваныя змены расказаў генпракурор Дзмітрый Гара падчас сумеснага пасяджэння Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі.
Цяпер дзяржаўныя службоўцы, кіраўнікі дзяржаўных арганізацый, супрацоўнікі сілавых ведамстваў і некаторыя іншыя катэгорыі чыноўнікаў штогод абавязаныя падаваць дэкларацыі пра даходы і маёмасць. У шэрагу выпадкаў такія дэкларацыі закранаюць таксама іх мужа ці жонку і паўналетніх блізкіх сваякоў, якія жывуць разам з імі і вядуць агульную гаспадарку.
Гэтыя дэкларацыі застаюцца закрытымі ад грамадскасці.
Які менавіта орган будзе займацца маніторынгам фінансавага становішча чыноўнікаў і да якіх звестак атрымае доступ, генпракурор у сваім выступе не паведаміў.
Адначасова ўлады лібералізавалі забарону для дзяржаўных службоўцаў і супрацоўнікаў дзяржаўных арганізацый на рахункі ў замежных банках. Ім дазволілі атрымліваць за мяжой грошы паводле выканаўчых дакументаў, сацыяльныя і страхавыя выплаты, а таксама спадчыну.