Унучка Лукашэнкі з сям'ёй правяла дзесяць дзён у пяцізоркавым гатэлі ў Дубаі
Пуцёўка ім абышлася ў 17 000 рублёў / nekera.pl
Муж унучкі Аляксандра Лукашэнкі ў жніўні 2025 года забраніраваў тур у Дубай. Дзмітрый Дзятлаў выбраў для адпачынку сям'і пяцізоркавы гатэль W Dubai – The Palm на востраве Палм-Джумейра, патраціўшы на гэта больш за 17 000 рублёў. Такую інфармацыю прыводзіць "Бюро".
Тур аформілі на траіх: Дзмітрыя і Вікторыю Дзятлавых (Лукашэнка) і іх сына. Па інфармацыі расследавальнікаў, першага праўнука Лукашэнкі завуць Іван, яму 4 гады. Кампанію сям'і на адпачынку склалі сябры.
У пакет браніравання ўваходзілі пералёт з Мінска ў Дубай і назад, пражыванне з 8 па 18 кастрычніка 2025 года ў 50-метровым нумары Wonderful з ложкам king size і балконам, а таксама харчаванне па сістэме паўпансіён.
Як адзначае "Бюро", госці гатэля маюць доступ да ўласнага пясчанага пляжа, басейнаў, джакузі, СПА і трэнажорнай залы. На тэрыторыі працуе бар-рэстаран Akira Back, адзначаны ў гідзе "Мішлен".
Вікторыя Дзятлава аформіла адпачынак па цяжарнасці і родах 14 сакавіка 2022 года, а з 18 ліпеня афіцыйна пайшла ў дэкрэт. У лютым 2024 года яна выйшла на працу ў МЗС, дзе атрымала пасаду другога сакратара.
Яе муж, Дзмітрый Дзятлаў, паводле даных "Бюро", працуе ў рыбным холдынгу "Марскія сезоны", які належыць бізнесвумен Людміле Няронскай – сяброўцы сям'і старэйшага сына Лукашэнкі.