Шрайбман: Мінск абмяжоўвае дзейнасць амбасад, што падтрымлівалі дыялог

Што гэтым хоча паказаць рэжым Лукашэнкі?

Што гэтым хоча паказаць рэжым Лукашэнкі? / LookByMedia

— Амбасады тых краін, якія ў апошнія гады ў большай ці меншай ступені выступалі за дыялог з Мінскам, у апошнія месяцы сутыкаюцца з дадатковым ціскам. Ідзе гаворка пра забарону асобных мерапрыемстваў, якія яшчэ летась яны маглі праводзіць без асаблівых праблем,распавёў падчас эфіру на Еўрарадыё палітычны аналітык Арцём Шрайбман.

Ён не выключае, што “нейкія сілы ўнутры сілавога апарату свядома спрабуюць нешта сарваць”. Аналітык лічыць, што афіцыйны Мінск такім чынам паказвае Захаду, што не гатовы ісці на ўступкі.

— Не бяруся агучваць канспіралагічныя версіі, але факт у тым, што ёсць дзеянні ў супрацьлеглым кірунку. Гэта значыць, замест таго каб ісці на нейкія ўступкі Еўрасаюзу, у некаторых выпадках Мінск, наадварот, дэманструе: не чакайце ад нас ніякіх уступак у пытаннях рэпрэсій, абмежаванняў або ўвогуле характару нашага палітычнага рэжыму. У гэтым плане ўсё застанецца без змен. Калі хочаце шукаць шляхі паразумення, то шукайце іх па іншых пытаннях. Прыкладна так сёння выглядае гэтая пазіцыя, — расказвае аналітык.

Розныя амбасады праводзілі культурныя, адукацыйныя і іншыя праекты. Цяпер яны пазбаўлены такой магчымасці?

— Менавіта ў гэтай сферы пачалі закручваць гайкі ў дачыненні да тых амбасад, якія раней такога ціску не адчувалі.

Магчыма, гэта часовая з'ява, я не ведаю. Але сама сітуацыя выглядае цікава. Адначасова, з аднаго боку, гучаць заявы пра жаданне размаўляць і дамаўляцца з Еўропай, а з другога, у Мінску робяцца крокі, якія супярэчаць гэтым заявам, — падсумоўвае Арцём Шрайбман.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.