30 верасня былі адмененыя ўсе аўтобусныя рэйсы з Бранска ў Беларусь

Аўтобусны рэйс Навазыбкаў-Гомель 

Аўтобусны рэйс Навазыбкаў-Гомель  / ілюстрацыйнае фота

30 верасня быў адменены аўтобусны рэйс з расійскага Навазыбкава ў Гомель. Прычынай сталі атакі ўкраінскіх беспілотнікаў.

Афіцыйны перавозчык, аўтавакзал Бранска, адмяніў усе рэйсы ў Беларусь.

Як піша MAYDAY, траса была ўсеяная "дронамі-пачакунамі". Участак трасы Клінцы-Навазыбкаў (у напрамку Добруша) 30 верасня быў цалкам закрыты. Уздоўж дарогі схавана дзяжурылі шматлікія ўдарныя FPV-беспілотнікі — яны знаходзяцца ў рэжыме чакання да з'яўлення цэлі. Такі робат можа перабываць у дзяжурным рэжыме суткамі.

У ноч на 29 верасня ўкраінскія беспілотнікі нанеслі ўдар па міжнародным аўтамабільным пункту пропуску "Красны Камень" на мяжы Расіі і Беларусі. Там здарыўся пажар.

Замест рэйсавага аўтобуса паміж Браншчынай і Гомелем сталі неафіцыйна курсіраваць маршруткі. Пасажыры кажуць, што маршрутчыкі вымушана парушаюць хуткасны рэжым: каб ухіліцца ад атакі дронаў, трэба рухацца з хуткасцю больш за 120 км/гадз.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.