Расійскім абстрэлам у Кіеве пашкоджаныя тры масты
Паўночны мост у Кіеве / Tetiana DZHAFAROVA / AFP via Getty Images
Кіеў у ноч на 20 лістапада зазнаў масіраваны абстрэл з боку расійскіх войскаў. А Львоў быў атакаваны з дапамогай ракет і дронаў. Пра гэта перадае hromadske.ua са спасылкай на гарадскога галаву Кіева Віталя Клічко і гарадскога галаву Львова Андрэя Садавога.
Украінскую сталіцу расіяне атакавалі балістычнымі ракетамі. Сярод іншага яны пашкодзілі тры масты — Падольска-Васкрасенскі (рух па ім з правага на левы бераг цяпер закрыты), Дарніцкі і Паўднёвы (там таксама ўвялі абмежаванні).
Клічко заклікаў кіяўлянаў устрымацца ад прыватнага аўтатранспарту праз абцяжараны рух паміж берагамі. Таксама ён папрасіў установы і кампаніі ўвесці графік дыстанцыйнай працы супрацоўнікаў. З такімі ж просьбамі звярнулася і Кіеўская гарадская ваенная адміністрацыя.
У Львове гарадскія ўлады таксама папярэджвалі, што ў кірунку горада ляцяць ракеты. Жыхары чулі гукі работы супрацьпаветранай абароны і выбухі, перадае hromadske.
Над трыма сёламі ў Львоўскім раёне збілі дроны. У Стрыйскім раёне быў пашкоджаны энергетычны аб'ект, а ў самім Львове на адной з вуліц выявілі абломкі ракеты СПА.
Падчас абстрэлаў у Кіеве і Львове ёсць забітыя і параненыя.
У Львоўскай, Закарпацкай і Івана-Франкоўскай абласцях увялі аварыйныя адключэння электраэнергіі. Таксама без электрычнасці засталася частка Кіева.